Урад Францыі прыгразіў звольніць дзеючых вайскоўцаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом 25-ці адстаўных генэралаў. Генэралы папярэдзілі прэзыдэнта Эманюэля Макрона, што краіна рухаецца да «грамадзянскай вайны».
Мяркуюць, што некалькі дзеючых вайскоўцаў падпісалі ліст, апублікаваны на мінулым тыдні у кансэрватыўным часопісе Valeurs Actuelles.
Аўтары ліста папярэдзілі, што «згодніцкая» палітыка прывядзе да хаосу, які запатрабуе «удзелу нашых таварышаў, якія знаходзяцца на сапраўднай службе, у небясьпечнай місіі па абароне нашых цывілізацыйных каштоўнасьцяў».
«Надышла цяжкая гадзіна, Францыя ў небясьпецы», — напісалі адстаўныя генэралы, дадаўшы, што няздольнасьць прыняць меры ў дачыненьні да «прыгарадных ордаў», пад якімі маюцца на ўвазе жыхары пераважна імігранцкіх раёнаў у ваколіцах францускіх гарадоў, а таксама іншых неназваных груповак, якія «пагарджаюць краінай», прывядзе да «грамадзянскай вайны» і гібелі «тысяч» людзей.
Урад і левыя партыі рашуча асудзілі ліст, апублікаваны ў 60-ю гадавіну спробы перавароту, зробленай генэраламі, якія выступалі супраць прадстаўленьня Францыяй незалежнасьці Альжыру.