Летась Куль удзельнічаў у маршах пратэсту і быў адным зь першых падпісантаў ліста спартоўцаў з патрабаваньнем новых выбараў і асуджэньнем гвалту сілавікоў.
Як паведаміла ў Facebook яго жонка, былая валейбалістка Алена Куль, міліцыянты прыйшлі ў іх кватэру а 7-й раніцы. Тэлефоны абодвух цяпер не адказваюць. Пазьней Алена паведаміла, што Аляксандра затрымалі.
Летась Аляксандар Куль адзначыў 45-годзьдзе. Ён мае рост 213 сантымэтраў, нарадзіўся ў вёсцы Бароўка Верхнядзьвінскага раёну Віцебшчыны. Гуляў за баскетбольныя клюбы ЗША, Эўропы, быў гульцом нацыянальнай зборнай у 1993–1994 і 1998–2008 гадах. У 2007–2011 выступаў за «Менск-2006», неаднаразова выйграваў чэмпіянат і Кубак Беларусі.
Пасьля заканчэньня гульнявой кар’еры стаў дырэктарам цэнтру эканамічнага разьвіцьця і спартовага маркетынгу, стаў ініцыятарам перайменаваньня клюбу ў «Цмокі».
Куль гаворыць па-беларуску, ён быў частым госьцем курсаў «Мова нанова».