Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша задача — каб стала меней тых, хто адлічвае гісторыю ад 1917 году». Рэдактары незалежных сайтаў пра «беларускамоўную нядзелю»


Беларуская дыктоўка, ілюстрацыйнае фота
Беларуская дыктоўка, ілюстрацыйнае фота

Упершыню найбуйнейшыя беларускія рэсурсы абвясьцілі «беларускамоўную нядзелю». 25 красавіка сайты Tut.by, Onliner і «Трыбуна» частку тэкстаў надрукавалі па-беларуску, каб нагадаць чытачам пра тое, якое значэньне мае родная мова для нацыянальнай культуры і фармаваньня нацыі.

Свабода пацікавілася ў галоўных рэдактараў папулярных рэсурсаў, як яны ацэньваюць вынікі сваёй беларускамоўнай ініцыятывы.

Казловіч: «Размова ня толькі пра мову, а пра беларускасьць у глябальным сэнсе»

Галоўны рэдактар парталу Onliner.by Мікалай Казловіч так ацаніў першы досьвед «беларускамоўнай нядзелі».

«У канцы мінулага году, калі ў краіне пачалася кампанія пабудовы альтэрнатыўнай прапагандысцкай рэчаіснасьці, мы запусьцілі праект „Пашпарт грамадзяніна“. У падкастах і артыкулах вядомыя беларусы расказвалі пра сьцяг і гімн, гісторыю і літаратуру. У траўні плянавалі „Пашпарт“ аднавіць і паглыбіць, таму прапанова калег з „Трыбуны“ паўдзельнічаць у сумеснай акцыі своечасовая», — адзначыў ён, падкрэсьліўшы, што «беларуская нядзеля» — гэта ня акцыя на адзін дзень.

Мікалай Казловіч
Мікалай Казловіч

«Размова ня толькі пра мову, а пра нашу беларускасьць у глябальным сэнсе. І важнасьць гэтага не вымяраецца ва „ўнікальных карыстальніках“ (нават не глядзеў, колькі прыляцела праглядаў за нядзелю). Заўсёды натхняе рэакцыя чытачоў, атрымаў некалькі мэйлаў з падзякай. Пісалі і ў сацсеткі. А ў камэнтах, як заўсёды, распачалася бойка паміж тымі, хто адлічвае гісторыю ад 1917-га, і тымі, хто выхаваны інакш. Ці стала больш першых за апошнія месяцы? Прынамсі, наша агульная задача, каб іх стала менш», — падсумаваў Мікалай Казловіч.

Золатава: «Калі тэма цікавая, будзе чытацца і па-расейску, і па-беларуску»

Галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава ня бачыць нечага «рэвалюцыйнага» ў тым, што асобныя матэрыялы выходзяць на адной зь дзяржаўных моваў. Кажа, што такі падыход практыкуецца і ў іншыя дні, асабліва калі суразмоўца апрыёры беларускамоўны — простая мова сьпікера заўсёды пакідаецца ў арыгінале.

Марына Золатава
Марына Золатава

Але натхняе, што гэтым разам ажно тры папулярныя рэсурсы разам наладзілі «моўную акцыю».

«Гэта першы крок, які будзе мець працяг, — запэўнівае яна. — Калі тэма ўяўляе шырокі інтарэс, яна будзе з аднолькавай цікавасьцю чытацца і па-расейску, і па-беларуску. Хоць шчыра скажу: з улікам паступовага ўхілу грамадзтва ў расейскую мову больш праглядаў, хутчэй за ўсё, пакуль што будуць набіраць расейскамоўныя артыкулы. Але я ня бачу, каб было нейкае нэгатыўнае ўспрыяцьце беларускамоўных матэрыялаў чытацкай аўдыторыяй. Адзінае, калі робім перадрук на тарашкевіцы, можа ўзьнікнуць „экспэртная спрэчка“ наконт напісаньня тых ці іншых словаў».

Гаруновіч: «Цяпер беларускія тэксты набіраюць праглядаў вышэй за сярэдні паказьнік»

Задоўга да беларускамоўнага тыдня на сайце «Трыбуны» пачалі зьяўляцца тэксты на роднай мове, а расклад спаборніцтваў з удзелам беларускіх спартоўцаў пазначаецца выключна бел-чырвона-белым сьцяжком.

Галоўны рэдактар спартовага рэсурсу Алег Гаруновіч нейкі час таму сьвядома перайшоў на беларускую мову — ад допісаў у сацыяльных сетках да кантактаваньня ў сям’і. Трое дзяцей мусяць з маленства ведаць, хто яны і дзе жывуць, канстатуе журналіст.

Алег Гаруновіч
Алег Гаруновіч

«З улікам, што „Трыбуна“ ад мінулага году заблякаваная Міністэрствам інфармацыі, лічбы праглядаў ацаніць цяжка, — кажа ён. — На „люстэрку“ няма магчымасьць камэнтаваць наўпрост; каб пакінуць допіс, трэба рабіць складаную шматхадоўку праз VPN ці аплікацыю, на такое здольныя хіба самыя адданыя нашы прыхільнікі. Дык вось яны на беларускую мову рэагуюць станоўча. Калі раней розьніца ў праглядах была ў разы большай на карысьць расейскай, то цяпер беларускамоўныя тэксты праглядаюцца вышэй за сярэдні паказьнік. Прыклад — нядзельны артыкул пра тэлевядоўцу Крысьціну Козел — праўда, у загалоўку было крыху „лёгкай эротыкі“, але калі чапляе, то няважна, на якой мове», — перакананы Алег Гаруновіч, паабяцаўшы выдаваць беларускія тэксты, не прывязваючыся да канкрэтнага дня тыдня.

Але запэўніў, што «беларускамоўныя нядзелі», ініцыяваныя «Трыбунай», будуць захаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG