За падпал «Табакеркі» ў Жодзіне — 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Сяргея Лаўкайціса прызналі вінаватым у хуліганстве — нібыта ён «падрыхтаваў ня менш чым у 4 плястыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск „Табакерка“ і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгараньне».
Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 341 рубель і 12 капеек. Здарэньне адбылося 5 сьнежня 2020. Прысуд у 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, на які не паўплывала нават поўнае прызнаньне Лаўкайцісам віны.
2 і 2,5 года за размалёўваньне «Табакерак»
У судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе ў Міхаіла Берасьнёва і А. Сіўца па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — «Злоснае хуліганства, учыненае групай асоб». Берасьнёў і Сівец абвінавачваліся ў размалёўваньні «Табакерак», аркі ў доме і фантана каля былога ўнівэрсама «Валгаград».
Судзьдзя Лідзія Целіца палічыла віну мужчын даказанай і асудзіла Берасьнёва на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а Сіўца — на 2 гады і 6 месяцаў такога ж пакараньня.
2 гады калёніі за патроны і абразу міліцыянта
2 тысячы рублёў маральнай шкоды і 2 гады калёніі — такі вырак пачула ў Паставах Ірына Паляніна. Судзьдзя Натальля Максімовіч палічыла жанчыну вінаватай у абразе кіраўніка мясцовай міліцыі і захоўваньні патронаў ад спартовай зброі, піша «Белсат».
Патроны знайшлі падчас ператрусу, які правялі ў жанчыны пасьля таго, як у сацыяльных сетках зьявіўся яе допіс пра кіраўніка міліцыі Пастаўскага раёну Аляксандра Рыбакова, які той палічыў зьняважлівым.
Прысуд за блякаваньне дарогі
Суд Цэнтральнага раёну 26 красавіка вынес прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу супраць 33-гадовай жыхаркі Менску Юліі Якубовіч, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яе абвінавацілі ў блякаваньні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Менску 20 сьнежня і 3 студзеня, за тое, што маладая жанчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сьцягамі.
«Менсктранс» шкоды не налічыў. Пасьля затрыманьня ў канцы студзеня Юлію дапытвалі цягам некалькіх дзён, падчас сьледчых дзеяньняў 2 лютага яна страціла прытомнасьць ад зьнясіленьня і абязводжваньня — Юлію шпіталізавалі і зьмясьцілі пад кропельніцу.
Потым маладую маці пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт. На судзе Юлія Якубовіч сваёй віны не прызнала. Судзьдзя Вікторыя Шабуня пакарала яе 2 гадамі «хатняй хіміі» — менавіта такое пакараньне запрасіў пракурор Цімафей Нічыпарук. Меру стрыманьня Юліі зьмянілі з хатняга арышту на падпіску аб нявыезьдзе.
Чарговы прысуд за «непавагу да дзяржаўнага сьцягу»
Суд Столінскага раёну прызнаў 31-гадовага мясцовага жыхара вінаватым па арт.370 КК РБ, паведамляе «Вясна».
13 сакавіка 2021, калі мужчына ноччу праходзіў міма крамы з вывешаным дзяржаўным сьцягам, пацягнуў яго за палатно, сьцяг упаў на тратуар. Паводле абвінавачаньня, такім чынам ён «праявіў непавагу да дзяржаўнага сымбаля».
За гэта суд прызначыў пакараньне ў выглядзе 1 гады «хіміі» (абмежаваньня волі з накіраваньнем у выпраўленую ўстанову адкрытага тыпу).