Баўгарскі бізнэсовец Емяльян Гебрэў пацьвердзіў, што ягоная кампанія Emco пры канцы 2014 году заключыла кантракты на пастаўкі боепрыпасаў ва Ўкраіну. Пра гэта паведаміла The New York Times.
Ён захоўваў боепрыпасы на складзе ў чэскім сяле Вэрбеціцы, дзе ў 2014 годзе адбыліся выбухі. Прага лічыць, што да выбухаў датычная расейская выведка. Масква ўсе абвінавачаньні адхіляе.
Вясной 2015 году на Гебрэва быў зроблены замах. Пасьля замаху 2018 году ў Вялікай Брытаніі на расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Гебрэў выказаў думку, што супраць яго выкарысталі гэткае самае атрутнае рэчыва.
Сьледчыя падазраюць у замаху на Гебрэва расейцаў Сяргея Фядотава, Сяргея Паўлава і Георгія Гаршкова. Паводле выведніцкай групы Bellingcat, пад гэтымі імёнамі могуць хавацца афіцэры расейскай вайсковай выведкі — генэрал-маёр Дзяніс Сяргееў, Сяргей Лютэнка і Пётар Барысаў.
Чэхія ў сярэдзіне красавіка абвінаваціла Маскву ў арганізацыі выбухаў у Вэрбеціцах і выслала з краіны 18 расейскіх дыпляматаў. Расея ў адказ выслала 20 супрацоўнікаў чэскага пасольства. У выніку краіны дамовіліся пра парытэт. У дыпмісіях кожнага боку будуць працаваць па 7 дыпляматаў і 25 тэхнічных супрацоўнікаў.