Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Аляксандра Фядуты распавяла пра яго стан у СІЗА: «Скача ціск»


Марына Шыбко
Марына Шыбко

На днях адвакатка бачылася з палітолягам і публіцыстам, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку, Аляксандрам Фядутам.

Ці прызнае ён сваю віну? Што кажа аб тым, што здарылася?
Жонка Аляксандра Фядуты сёньня ня мае дакладных адказаў на гэтыя пытаньні, але затое паведаміла «Народнай Волі», што ведае пра стан і настрой мужа.

Адвакат, якога наняла жонка Фядуты, убачыла свайго падабароннага не адразу, а празь некалькі дзён пасьля затрыманьня. Спачатку для Фядуты запрасілі дзяжурнага адваката. Інфармацыі ад яго таксама практычна ніякай не было.

Са слоў Марыны Шыбко, цяперашні адвакат зьвязаная жорсткай падпіскай аб невыдаваньні і не паведамляе ніякіх падрабязнасьцяў, зьвязаных з расьсьледаваньнем справы.

«Адвакат цяпер для таго, каб даведацца, якія шкарпэткі і трусы перадаць, — кажа Марына. — Жартую, вядома, але насамрэч падрабязнасьцяў ніякіх ня маю... Толькі бытавыя пытаньні нейкія».

Прозьвішча адваката Фядуты Марына Шыбко не называе — кажа, яна ўсё роўна ня будзе камунікаваць з журналістамі, бо зьвязана падпіскай. Вядома, што адвакатка працуе ў юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёну Менску.

Лісты да Аляксандра Фядуты пакуль не даходзяць. Але тэлеграму ад жонкі ён атрымаў.

«Ён сказаў, што напісаў ліст, але я яго не атрымлівала, — кажа Марына. — Ведаю, што яму многія пішуць, пытаюцца парады па літаратурных справах як у экспэрта, але пакуль ня чула, каб хтосьці ад яго атрымаў адказ, і ня ў курсе, ці перадаюць яму наогул карэспандэнцыю».

У Аляксандра Фядуты праблемы са здароўем, ёсьць хранічныя захворваньні. Лекі, якія ён прымае пастаянна, Марына Шыбко перадала ў сьледчы ізалятар КДБ, іх прынялі.

«Цяпер ён праз адваката сказаў, што ціск скача, папрасіў, каб яму перадалі таномэтар, але я ня ведаю, прымуць яго ці не,
— кажа жонка Фядуты. — І яшчэ просіць, каб яму перадалі больш паперы — для лістоў і працы, ён сабраўся ў сьледчым ізалятары пісаць ледзь не чарговую дысэртацыю, доктарскую ён абараніў у Польшчы. Ведаю, што яго наведваў лекар і яго выводзілі на прагулкі. Больш ніякай інфармацыі ў мяне, на жаль, няма».

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG