Новы ўрад Літвы ўжо абяцаў працягваць маштабныя інвэстыцыі ў абарону і падтрымку Ўкраіны, а таксама імкнуцца да нармалізацыі адносін з Кітаем.
Урад сфармавалі прадстаўнікі Cацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, «Нёманскай зары», Зьвязу сялянаў і зялёных Літвы, Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Зьвязу хрысьціянскіх семʼяў.
Вядомы літоўскі журналіст Вітаўтас Брувярыс па просьбу Свабоды ацаніў пэрспэктывы новага ўраду пад кіраўніцтвам Інгі Ругінене.
«Так, урад зацьверджаны і атрымаў давер у Сейме, але, на маю думку палітычная сыстэма ў краіне не стабілізавалася і далей разладу будзе больш, бо праблемы засталіся, а ўзровень палітычнай эліты зьнізіўся, да ўлады прыйшло шмат непадрыхтаваных людзей. Гэты працэс пачаўся ня сёньня, а палітычны хаос як тая рэч у сабе: ён пачынае жыць сваім жыцьцём, пасьля яго цяжка суцішыць. Хацелася б, каб улада мела стратэгічнае бачаньне, арыентавалася на сыстэму эўрапейская бясьпекі і рухала ў гэтым кірунку, але мы гэтага ня бачым», — падзяліўся ацэнкай дзеяньняў новай урадавай кааліцыі Вітаўтас Брувярыс.
Хто прэм’ер?
Прэмʼер-міністар Інга Ругінене была прыведзена да прысягі з камфортнай большасьцю ў 80 са 122 мандатаў дэпутатаў на карысьць свайго новага ўраду.
- 44-гадовая Інга Ругінене — пачатковец у палітыцы. Яна пачала працаваць у гэтай сфэры мінулай восеньню, далучыўшыся да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і прыняўшы ўдзел у выбарах у Сейм разам зь ёй.
- Пасьля перамогі партыі Ругінене атрымала партфэль міністра сацыяльнай абароны і працы.
- Перад тым яна займала пасаду старшыні Літоўскай канфэдэрацыі прафсаюзаў.
Але, на думку экспэрта Брувярыса, заявы і вынікі галасаваньня за ўрад у Сейме яшчэ ня сьведчаць пра ўдалы выбар кандыдатуры прэмʼера.
«Яна па-ранейшаму ня мае самастойнага палітычнага аўтарытэту, пакуль толькі выконвае функцыю прэмʼера. У яе ёсьць пэўны рэйтынг, магчыма, яна даволі папулярная, але палітычнага капіталу яшчэ няма. З-за яе сьпіны працягваюць дзейнічаць кіраўнікі сацыял-дэмакратаў, а прадстаўнікі папулісцкай „Зары над Нёманам“ у гэты час спрабуюць выбіць для сабе як мага больш уплыву, што, на маю думку, небясьпечна. Але гэтая палітычная канструкцыя, якую яны разам пабудавалі, яна няўстойлівая ад пачатку».
У канцы ліпеня былы прэмʼер Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў пра сваю адстаўку і з таго часу ў Сейме склалася новая кіруючая кааліцыя з удзелам сілаў, якія частка літоўскіх палітолягаў называюць папулісцкімі і арыентаванымі на Ўсход.
Якім будзе эфэкт «Зары над Нёманам» ва ўрадзе
Між тым паводле апытаньня службы Vilmorus рэйтынгі партый кааліцыі за апошнія месяцы не абрынуліся, а нават наадварот: за сацыял-дэмакратаў у чэрвені гатовыя былі галасаваць 14,6%, у верасьні — 15,1%. Вітаўтас Брувярыс схільны лічыць устойлівы рэйтынг сацыял-дэмакратаў хутчэй «прыкметай будучых калізій».
«Так, гэта ёсьць, але ў нас грамадзтва падзеленае і таму рэйтынгі пакуль трымаюцца. Прычым электарат сацыал-дэмакратаў і асабліва электарат „Зары над Нёманам“ мабілізуюцца. Яны вераць усім гэтым гісторыям пра тое, што віленская эліта, кансэрватары нібыта на іх нападаюць, што трэба „трымаць фронт“, абараняць „уладу народу“. Гэта будзе яшчэ нейкі час спрацоўваць. Але такія рэчы нічога не кажуць пра пэрспэктывы ў самой кааліцыі. Таму я працягваю казаць, што да канца сваёй кадэнцыі ўрад не пратрымаецца. Той хаос, які сьвядома прадукуе „Зара над Нёманам“ і асабліва яе лідэр, гэтую кааліцыю пагубіць», — мяркуе экспэрт Вітаўтас Бруверыс.
Беларускія матывы ва ўрадзе Літвы
Раней кіраўніца літоўскага ўраду Інга Ругінене заявіла, што Вільня застанецца непахіснай у пытаньні забароны на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў, нават калі на Літву будзе ўчынены ціск з боку ЗША.
«Калі мы ня пойдзем далей і ня будзем ціснуць наконт санкцыяў і жорсткага падыходу да агрэсара, будзе дрэнна. Магчыма, ЗША будуць ціснуць, але, думаю, мы тут непахісныя», — прыводзіць яе словы тэлеканал LRT.
Ругінене адзначыла, што нязгодная са зьмякчэньнем санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, і лічыць, што яны павінныя ўзмацняцца.
Паводле Вітаўтаса Брувярыса папулісцкая рыторыка, якой адметныя палітыкам «Зары над Нёманам», закранула і Беларусь.
«Яны яшчэ грамчэй кажуць пра намер выгнаць з Літвы Сьвятлану Ціханоўскую з мужам і „прыціснуць“ усю беларускую палітычную апазыцыю. Гэта і раней ад іх гучала, і мяркую, гэтыя намаганьні яны падвояць. І канешне будуць праціскаць рашэньні па здыманьні нейкіх санкцый, што пойдзе на карысьць беларускаму рэжыму», — мяркуе спадар Брувярыс.
Абаронная палітыка і падтрымка Ўкраіны
Паводле экспэрта, дасягнуць заяўленай урадам мэты выдаткоўваць 5% ВУП на абарону будзе складана менавіта праз рознагалосьсі ў кіроўнай кааліцыі.
«Калі б гэты працэс ішоў як плянуецца, я б асаблівых праблем тут не бачыў. Але дынаміка такая, што партнэры сацыял-дэмакратаў па кааліцыі гэта будуць атакаваць, спрабаваць разгойдаць працэс павялічэньня выдаткаў на абарону і пазыцыі міністра абароны Давіле Шакалене. Яны ўжо наўпрост атакуюць яе ініцыятывы. Другая ў іх мішэнь — гэта міністар замежных спраў Кястуціс Будрыс і ягоныя праўкраінскія ініцыятывы. Тут будзе толькі яшчэ больш напружанасьці, таму цяжка прадказаць, якім будзе вынік», — кажа экспэрт.
Заяўка на наўпроставую дапамогу Ўкраіне ў памеры 0,25% ад ВУП, паводле Вітаўтаса Брувярыса, таксама пад пытаньнем.
«Канешне, гэта важна і трэба — аказваць наўпроставую дапамогу Ўкраіне, якая змагаецца за ўсю Эўропу, у тым ліку за Літву. І нашаму бюджэту гэтыя 0,25% па сілах. Але і тут узьнікнуць складанасьці, бо дапамога Ўкраіне — адна з такіх „чырвоных ануч“, на якія рэагуе тая ж „Зара над Нёманам“, а яшчэ і гэтак званыя „зялёныя і фэрмэры“. Паўтаруся, што ёсьць тры такія „чырвоныя анучы“ напружанасьці: пытаньні, зьвязаныя з беларускай і расейскай дыяспарамі, выдаткі на абарону і дапамога Ўкраіне. Гэтыя тэмы будуць заставацца палітычнымі трыгерамі ў Сейме і далей моцна адбівацца на працы ўраду».
Фактар Кітая і Тайваня
Што да нармалізацыі адносін з Кітаем, паводле Брувярыса, гэтае будзе залежаць у значнай ступені ад палітыкі ЗША адносна Кітая.
«Гэта ставіцца кіроўнай кааліцыяй як адна з галоўных зьнешнепалітычных задач, але тут таксама ўзьнікаюць праблемы. Ім жа ня хочацца разьвітвацца з надзеямі на стратэгічную апеку з боку галоўнага трансатлянтычнага партнэра, гэта ЗША? Так. Але палітыка ЗША адносна Кітая стала іншай, не такой, як бы хацелася сацыял-дэмакратам. Прычым, нават цяжка зразумець рэальнае стаўленьне цяперашняй адміністрацыі ЗША да Кітая. Раней галоўным маркерам было стаўленьне да Тайваня, але цяпер падобна на тое, што ЗША „кідаюць“ Тайвань. Дык гэтыя зьмены Літве трэба ўлічваць, таму ў эліце зьявілася адносна гэтага пытаньня напружанасьць. Таму цяжка прадказаць, у які бок пойдуць адносіны з Кітаем, магчыма нават, што пакуль ніхто гэтага не спрагназуе. Менавіта праз тое, што ўнутрыпалітычная сытуацыя застаецца заблытанай», — патлумачыў экспэрт Вітаўтас Брувярыс.
Форум