Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнесены ў Менску помнік Арджанікідзэ вернуць на месца і адрэстаўруюць


Сэрго Арджанікідзэ
Сэрго Арджанікідзэ

Помнік бальшавіцкаму дзеячу стаяў на тэрыторыі, якая раней належала менскаму заводу вылічальных машын. 23 красавіка помнік зьбілі з пастамэнту і вывезьлі. Як высьветлілася, не назаўсёды, бо знос не ўзгаднілі.

23 красавіка ў тэлеграм-канале «Сьцежкі Беларусі» зьявілася навіна аб тым, што ў Менску зьнесьлі помнік аднаму з кіраўнікоў СССР, сябру Палітбюро ЦК УКП(б) Грыгорыю Арджанікідзэ, які стаяў на тэрыторыі заводу, названага ягоным імем.

Паведамлялася, што так зрабіць распарадзіліся новыя ўладальнікі тэрыторыі колішняга прадпрыемства — забудоўшчык «Тапас».

Але 24 красавіка тэлеграм-канал «Спадчына» са спасылкай на «Тапас» паведаміў, што знос помніка і яго вываз не ўзгаднiлi з уладамі, таму помнік адновяць і вернуць на месца.

У «Тапасе» распавялі, што скульптуру адрэстаўруюць бліжэйшым часам. Яе ачысьцяць ад плямаў, ліквідуюць драпіны і сколы.

«Асобныя часткі помніка будуць злучаныя ў адзіную кампазыцыю з дапамогай адмысловага клею, затым скульптуру адпаліруюць і адновяць. Рэстаўрацыйныя работы будуць праводзіцца за кошт забудоўшчыка», — растлумачылі ў кампаніі.

У 1960 годзе менскаму заводу па вытворчасьці электронных вылічальных машын прысвоілі імя Арджанікідзэ, а празь некалькі гадоў на тэрыторыі прадпрыемства ўсталявалі помнік у гонар бальшавіцкага дзеяча. Аўтарам скульптуры стаў заводзкі мастак Дзегцяроў, які зрабіў прыкладную копію арыгінальнай скульптуры 1937 году.

У найноўшы час тэрыторыю заводу прадалі тром прыватным інвэстарам, у тым лiку знакамiтаму забудоўшчыку «Тапас».

Грыгорый (Сэрго) Арджанікідзэ (1886 — 1937) — партыйны і дзяржаўны дзеяч СССР. За рэвалюцыйную дзейнасьць яго неаднаразова арыштоўваў царскі ўрад. Адзін з кіраўнікоў Кастрычніцкага ўзброенага паўстаньня 1917 году. Наведваў Беларусь як прадстаўнік ЦК РСДРП(б) у тым жа 1917 годзе і як член Рэўваенсавету 16-й арміі Заходняга фронту ў 1919 годзе.

З 1920 году старшыня Каўкаскага бюро ЦК і сакратар Закаўкаскага крайкаму РКП(б). З 1926 старшыня ЦК ВКП(б), наркам Рабоча-сялянскай інспэкцыі, намесьнік старшыні СНК і Савету Працы і Абароны СССР. З 1930 году — у Палітбюро ЦК ВКП(б), а з 1932 — наркам цяжкай прамысловасьці СССР.

Скончыў жыцьцё самагубствам. Паводле адной з найбольш распаўсюджаных вэрсій, Арджанікідзэ не падтрымаў масавыя рэпрэсіі Сталіна, заявіўшы пра іх трагічнасьць і шкоднасьць для будучыні, у тым ліку з-за страты каштоўных спэцыялістаў. Гэта і прывяло яго да самагубства. У наступныя гады жонка і браты Арджанікідзэ трапілі пад рэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG