За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі 67 з 72 прысутных на пасяджэньні членаў Сэнату, паведамляе Чэскае інфармацыйнае агенцтва.
Сэнатары заклікалі ўрад Чэхіі скасаваць дамову аб сяброўскіх дачыненьнях і супрацоўніцтве з Расеяй, а таксама скараціць да аднаго колькасьць супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Празе.
Акрамя таго, чальцы Сэнату заклікалі абмеркаваць здарэньне ў Вэрбеціцах на ўзроўні Рады Бясьпекі ААН і кіроўных органаў NATO і ЭЗ, а таксама запатрабаваць кампэнсацыі ад Расеі.
Раней да аналягічных захадаў чэскі ўрад заклікала ніжняя палата парлямэнту Чэхіі.
21 красавіка Чэхія запатрабавала ад Расеі перагледзець яе рашэньне выслаць з краіны 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады. У адваротным выпадку, як заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Якуб Кульганэк, колькасьць расейскай амбасады ў Празе будзе скарочана шматкроць — да пяці чалавек.
Высылка з Расеі 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады стала адказам на высылку з Чэхіі 18 расейскіх дыпляматаў, якія, як сьцьвярджаюць чэскія ўлады, мелі дачыненьне да расейскіх спэцслужбаў.