Людзі зьяжджалі на іншы канец Беларусі, дзе, па сутнасьці, пачыналі жыцьцё з нуля: шукалі працу, аддавалі дзяцей у новыя школы і садкі, уладкоўвалі побыт. Але не заўсёды перасяленцаў з забруджанага Гомельскага рэгіёну жыхары іншых абласьцей сустракалі ветліва, нярэдка да прыежджых з Зоны адчужэньня ставіліся з насьцярогай.
Ужо больш за 30 гадоў на поўначы Беларусі жывуць перасяленцы з Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці.
«Жыву ў камандзіроўцы»
«Шчыра сказаць, я 31 год жыву ў камандзіроўцы... 31 год пражыла, і такое пачуцьцё, што мне трэба адсюль зьехаць».
У пачатку 90-х Валянціна Мінчук з мужам і маленькімі дзецьмі пераехалі ў Верхнядзьвінск — раённы цэнтар на паўночным захадзе Беларусі. Вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці, дзе жыла сям’я Мінчук, апынулася ў Зоне адчужэньня і падлягала высяленьню. Як і тысячы жыхароў, якія пакінулі свае дамы ў забруджанай зоне, маладая сямʼя апынулася ў ліку перасяленцаў.
«У той час кватэраў яшчэ не давалі. Людзі езьдзілі самі, шукалі, куды б пераехаць. Таму што ніхто асабліва нічога ня ведаў толкам. А прыяжджалі, як казалі, партызаны: мылі дахі, здымалі зямлю, езьдзілі вайскоўцы, пасты гэтыя стаялі, міліцыі шмат было. І было ўсё гэта цяжкавата. Хацелася жыць спакойна», — распавядае Валянціна Мінчук.
Родны дом у Нароўлі давялося пакінуць і Аляксею Ломачу. Разам зь сямʼёй мужчына зьехаў за 600 кілямэтраў, у Верхнядзьвінск, дзе прыйшлося наладжваць жыцьцё з нуля.
«Пасьля чарнобыльскай аварыі мы пражылі ў Нароўлі яшчэ чатыры гады! Але мы ня проста пражылі: мы змагаліся, каб з гэтай зоны зьехаць. Праўды нам тады ніхто не казаў. У нас былі пастаянныя мітынгі, сходы, мы патрабавалі, каб нам адкапалі праўду. Мы ня столькі баяліся за сябе, колькі за дзяцей», — кажа Аляксей Ломач.
«Людзі ад нас кідаліся»
Першыя гады пасьля пераезду многія чарнобыльцы ўспамінаюць з жахам: акрамя бытавых праблем перасяленцы на сабе адчулі асаблівае стаўленьне мясцовых жыхароў.
«Калі дзеці пайшлі ў школу, зь імі дзеці мясцовыя баяліся садзіцца. Усе казалі — вось „сьветлячкі“, як быццам мы сьвецімся. Мы тлумачылі, што мы такія ж беларусы, як і вы. Можа, і вы тут пацярпелі, хто ведае, дзе што ўпала?! Калі шчыра, нават настаўнікі некаторыя прадузята да нашых дзяцей ставіліся. І ў краму прыходзілі, людзі неяк ад нас кідаліся, мы стараліся адзін за адным у чаргу станавіцца, займаць, таму што нас баяліся... як быццам ад нас можна было заразіцца. Гэта было цяжка», — адзначае Валянціна Мінчук.
І калі адносіны зь мясцовымі жыхарамі з часам наладзіліся, то бытавыя праблемы ў перасяленцаў засталіся да гэтага часу: чарнобыльскі дом, як яго называюць у Верхнядзьвінску, патрабуе пастаяннага рамонту. Усе звароты да чыноўнікаў застаюцца без адказу, добраўпарадкаваньнем тэрыторыі перасяленцы займаюцца самі.
За час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі чарнобыльцаў у Беларусі пазбавілі бясплатных лекаў, зьніжак на аплату камунальных паслуг і льготнага жыльля. Пасьля чарнобыльскай катастрофы з Гомельскай вобласьці зьехалі 137 тысяч чалавек. Пяцьсот населеных пунктаў назаўжды засталіся непрыдатнымі для жыцьця.
Поўны тэкст на сайце «Настоящего времени».