«ЗША падтрымліваюць Чэскую Рэспубліку ў яе цьвёрдай рэакцыі на падрыўныя дзеяньні Расеі на чэскай зямлі, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс у твітэры. — Мы мусім дзейнічаць рашуча ў адказ на дзеяньні Расеі, якія ставяць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасьць, энэргетычную бясьпеку ці крытычна важную інфраструктуру нашых саюзьнікаў і партнэраў».
Чэская Рэспубліка абвясьціла ў суботу аб высылцы з краіны 18 расейскіх дыпляматаў, якія падазраюцца мясцовымі спэцслужбамі ў тым, што тыя зьяўляюцца сакрэтнымі агентамі Службы замежнай выведкі і Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу УС РФ (ГРУ).
Зьамежнапалітычнае ведамства РФ заявіла ў адказ, што высылка расейскіх дыпляматаў зьяўляецца, як выказаўся расейскі МЗС, працягам сэрыі антырасейскіх акцый, зробленых Чэскай Рэспублікай у апошнія гады.
Масква заявіла аб высылцы з краіны 20 чэскіх дыпляматаў.
Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш і міністар замежных спраў Ян Гамачэк расказалі, што чэская выведка падазрае, што расейскія спэцслужбы датычныя да выбуху на вайсковым складзе ў Вэрбеціцах 16 кастрычніка 2014 году, у выніку якога загінулі два чалавекі.
Чэская паліцыя і Нацыянальны цэнтар барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Службы крымінальнай паліцыі і расьсьледаваньняў пачалі вышук двух мужчын, якіх падазраюць у датычнасьці да цяжкіх злачынстваў на тэрыторыі краіны. Улады Чэхіі лічаць, што да злачынстваў датычныя тыя ж два чалавекі, якіх улады Вялікай Брытаніі абвінавацілі ў спробе атручваньня Сяргея Скрыпаля з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок».