У Беларусі спынілася рэтрансьляцыя тэлеканал Euronews. Як паведаміла на сваім сайце кампанія «Белтэлекам», дамову з каналам не працягнулі.
Паводле Міністэрства інфармацыі, тэлеканал парушыў заканадаўства аб рэкляме, інфармуе РІА «Новости».
Пры адсутнасьці новай дамовы вяшчаньне каналу з 12 красавіка спынілася. Раней канал уваходзіў у пакеты Zala і Smart Zala для беларускіх абанэнтаў.
Euronews — эўрапейскі штодзённы кругласутачны інфармацыйны тэлеканал, які сумяшчае відэахроніку сусьветных падзей і аўдыёкамэнтары на 13 мовах сьвету, у тым ліку на мовах суседзяў Беларусі — украінскай, польскай і расейскай. Заснаваны 1 студзеня 1993 году.
Кабэльнае, спадарожнікавае і эфірнае вяшчаньне каналу ахоплівае больш за 150 краін сьвету. Канал асьвятляе і падзеі ў Беларусі, у тым ліку масавыя затрыманьні і гвалт уладаў супраць мірных пратэстоўцаў. Лукашэнка ня раз прызнаваўся, што глядзіць Euronews, і цытаваў камэнтары адтуль.
У Беларусі пачынае вяшчаньне канал «Победа» — расейскі тэлеканал пра ІІ сусьветную вайну. Яго стварылі да 75-годзьдзя перамогі і называюць маштабным праектам Першага каналу. Сярод яго перадач — клясыка савецкага ваеннага кіно, расейскія сэрыялы і фільмы, дакумэнтальныя праграмы, сьведчаньні вэтэранаў вайны, інтэрвію з экспэртамі і гісторыкамі.
Экспэрты: «Спыненьне вяшчаньня Euronews — пашырэньне інфармацыйнай блякады беларусаў»
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі выказаў думку, што за спыненьнем вяшчаньня Euronews стаіць нешта большае, чым нейкія фармальныя парушэньні, піша БелаПАН.
«Хутчэй за ўсё, гэта зроблена з мэтай яшчэ большай інфармацыйнай блякады жыхароў Беларусі. Улады, пачынаючы зь лета, плянамерна стваралі, умоўна кажучы, „кітайскую сьцяну“ вакол беларускага грамадзтва — рэпрэсуючы журналістаў, закрываючы выданьні».
Гарэцкі мяркуе, што для жыхароў правінцыйных мястэчак тэлеканал Euronews мог быць адной зь нешматлікіх крыніц незалежных зьвестак, у якіх няма дзяржаўнай прапаганды.
У сваю чаргу мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што Міністэрства інфармацыі наўмысна зьмясьціла ў паведамленьне пра спыненьне вяшчаньня Euronews інфармацыю пра запуск на тэрыторыі Беларусі расейскага тэлеканалу «Победа».
Пачатак вяшчаньня расейскага каналу пра вайну, на думку Быкоўскага, ня будзе важнай навіной для тэлегледачоў. Папулярнасьць дадзенага каналу наўрад ці перасягне ахоп каналаў «Мір» і «Саюз», якія даўно працуюць у Беларусі. Перадачы на «Победе» гэта «ня тое, што звычайна хвалюе масавую аўдыторыю».
Акрамя таго, паводле экспэрта, у масавай аўдыторыі ў Беларусі «няма ў доступе такіх вяшчальных праектаў, як CNN, Fox News, многіх іншых каналаў, якія былі б магчымай альтэрнатывай таму, што паказваюць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ці расейскія».