Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паблізу мяжы Ўкраіны знайшлі вялікі лягер, куды звозяць расейскіх войскоўцаў і тэхніку


Дарожны паказальнік на Данецк
Дарожны паказальнік на Данецк

Каманда дасьледнікаў Conflict Intelligence Team (CIT) выявіла недалёка ад украінскай мяжы ў Варонескай вобласьці Расеі палявы лягер расейскай арміі.

Як расказаў кіраўнік CIT Руслан Лявіеў «BBC News Україна», з дапамогай відэазапісаў мясцовых жыхароў удалося зафіксаваць палявы лягер пад Варонежам. Месьцічы гулялі ў лесе і выйшлі на поле, дзе стаяла цяжкая тэхніка, у тым ліку танкі.

Па словах суразмоўцы, гэты лягер яшчэ фармуецца, але ўжо дастаткова вялікі — поле даўжынёй 3-4 кілямэтры цалкам застаўлена тэхнікай. Таксама на відэа ёсьць намётавы гарадок, палявы шпіталь, кухня.

Лягер знаходзіцца за 170 кілямэтраў ад мяжы Украіны, гэта значыць, тэхніка можа зрабіць марш-кідок за суткі.

Расея падцягвае да мяжы з Украінай шмат відаў узбраеньняў, арсэнал хутчэй наступальны, чым абарончы: у ім ракетныя сыстэмы залпавага агню «Ураган» і «Град», бронеаўтамабілі «Тыгр» і бартавыя «КамАЗы» мадыфікацый, якія выкарыстоўваюцца спэцназам і выведкай.

У CIT сьцьвярджаюць: цяперашняе перамяшчэньне расейскага войска ля мяжы Ўкраіны — самае масавае з 2015 году.

«Калі мы ацэньваем магчымыя пляны расейскіх уладаў, заўсёды зыходзім з таго, што вайна — гэта працяг палітыкі, таму заўсёды ёсьць прычыны для пачатку ваеннай апэрацыі», — адзначыў Руслан Лявіеў.

У 2014 годзе, адразу пасьля анэксіі Крыму, Расея пачала ўзброеную агрэсію на Ўсходзе Ўкраіны. Афіцыйна Масква не прызнае ўварваньня, нягледзячы на наяўныя факты і доказы.

Летась 22 ліпеня Трохбаковая кантактная група ўзгадніла рэжым поўнага і ўсёабдымнага спыненьня агню на Данбасе. Аднак украінскі бок рэгулярна заяўляе пра выпадкі парушэньня пагадненьня прарасейскімі баевікамі.

У пачатку 2021 году сытуацыя на Данбасе яшчэ больш абвастрылася. Штаб апэрацыі Аб’яднаных сілаў неаднаразова паведамляў, што праціўнік вядзе снайпэрскі агонь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG