Пра гэта паведаміла расейскае агенцтва «Интерфакс», цытуючы намесьніка кіраўніка МЗС РФ Сяргея Рабкова.
Па словах Рабкова, Масква запэўніла ЗША ў тым, што для занепакоенасьці няма падставаў: камэнтар намесьніка міністра паўтарыў заяву Крамля, якая прагучала раней у панядзелак, што перасоўваньне расейскіх войскаў каля мяжы з Украінай не стварае пагрозы.
Як адзначае «Голас Амэрыкі», раней камандаваньне ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе павысіла ўзровень боегатоўнасьці сваіх войскаў у сувязі з эскаляцыяй напружанасьці на ўсходзе Ўкраіны.
У мінулы чацьвер міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ён абмеркаваў з кіраўніцтвам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе сыстэматычнае абвастрэньне Расеяй сытуацыі зь бясьпекай на ўсходзе Ўкраіны і ў Крыме.
Напярэдадні камандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Руслан Хомчак абвінаваціў Расею ў сьцягваньні войскаў да мяжы. Ён таксама падкрэсьліў, што прарасейскія сэпаратысты сыстэматычна парушаюць рэжым спыненьня агню.
У сераду адбылася тэлефонная размова паміж кіраўніком Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў узброеных сілаў ЗША генэралам Маркам Мілі і кіраўніком генштабу РФ генэралам Валерам Герасімавым. У чацьвер газэта Wall Street Journal працытавала ў сваёй публікацыі словы прадстаўніка Пэнтагону аб тым, што Міністэрства абароны «сочыць за сытуацыяй і што генэрал Мілі пагутарыў са сваімі калегамі ў Расеі і Ўкраіне».