«У цяперашні час Аляксандар Зінгман знаходзіцца на волі, абвінавачаньня яму не прад’яўлена», — паведаміў парталу Tut.by афіцыйны прадстаўнік ведамства Анатоль Глаз.
Аляксандра Зінгмана разам зь беларускім топ-мэнэджэрам кампаніі Aftrade DMCC Алегам Водчыцам і італьянскім бізнэсоўцам Паола Пэрсіка затрымалі 19 сакавіка ў кангалескім горадзе Лубумбашы. Паводле афрыканскіх СМІ, гэта здарылася пасьля сустрэчы Зінгмана з былым прэзыдэнтам краіны Жозэфам Кабілам.
Аляксандар Зінгман доўгі час заставаўся непублічным чалавекам. Аднак у студзені 2019 году ён стаў ганаровым консулам Зымбабвэ ў Менску і ў гэтым зьвязку яго пачалі прадстаўляць «дарадцам» кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Віктара Шэймана. Ён таксама ўпаўнаважаны ў пастаўках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў афрыканскія краіны.
Паволе некаторых дадзеных, Аляксандар Зінгман мае грамадзянствы Беларусі і Злучаных Штатаў.