Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на праграму навінаў тэлеканалу «Беларусь 1».
Такія пляны акрэсьліў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка падчас канфэрэнцыі «Гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадзтва і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагрозаў».
«Нам трэба будзе маштабная праца ў рамках канстытуцыйнай камісіі ў актуалізацыі дзейнага заканадаўства, — адзначыў ён. — Ужо ў найбліжэйшы час на вясновай сэсіі мы разгледзім законапраекты, накіраваныя на недапушчэньне гераізацыі нацызму і супрацьдзеяньне экстрэмізму. У гэтым жа ключы нам варта паглядзець на законы, якія тычацца правядзеньня масавых мерапрыемстваў, дзейнасьці палітычных партый і СМІ».
Вясновая сэсія пачне сваю працу 2 красавіка. Звычайна законапраект заслухоўваецца ў двух чытаньнях і, часьцей за ўсё, прымаецца бязь зьменаў. Затым дакумэнт з папраўкамі павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Пасьля афіцыйнага апублікаваньня ён уступіць у сілу.
Адзіны варыянт «антыэкстрэмісцкіх паправак», пра якія вядома грамадзкасьці і СМІ, — гэта варыянт, агучаны раней Генэральнай пракуратурай.
У прыватнасьці, ведамства прапануе, каб чалавек, які трапіў у адпаведныя «сьпісы», пазбаўляўся права займацца пэдагагічнай, выдавецкай ды іншай дзейнасьцю, а яго фінансы былі на асаблівым кантролі.
Акрамя таго, у праекце — безумоўная забарона на вылучэньне палітычных патрабаваньняў пры правядзеньні страйку; адказнасьць за публічную абразу прадстаўніка ўлады і яго блізкіх; крымiнальнае пакараньне за неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.