Пашыньян паведаміў 18 сакавіка, што галасаваньне адбудзецца 20 чэрвеня.
«Сёньня адбылася мая сустрэча з кіраўніком фракцыі „Квітнеючая Армэнія“ Гагікам Царукянам. На сустрэчы мы зафіксавалі, што найлепшае выйсьце з унутрыпалітычнай сытуацыі — гэта пазачарговыя парлямэнцкія выбары», — напісаў Пашыньян на сваёй старонцы ў Facebook.
Ён дадаў, што дата 20 чэрвеня ўзгодненая з прэзыдэнтам Армэніі Армэнам Саркісьянам і іншымі парлямэнцкімі фракцыямі.
Адстаўкі Пашыньяна апазыцыя патрабуе з моманту завяршэньня збройнага канфлікту ў Нагорным Карабаху восеньню летась. 10 лістапада, пасьля абвяшчэньня аб падпісаньні пагадненьня аб спыненьні збройнага канфлікту, пратэстоўцы захапілі будынкі парлямэнту і ўраду.
Пасьля гэтага ў Армэніі рэгулярна праходзілі акцыі пратэсту супраць прэмʼер-міністра, нягледзячы на тое, што ў краіне працягвае дзейнічаць ваеннае становішча, а разам зь ім — забарона на масавыя акцыі.
Апазыцыя абвінавачвае Пашыньяна ў пройгрышы канфлікту ў Карабаху. Паводле мірнай дамовы Баку вярнуў сабе значную частку тэрыторыі, занятай армянскімі войскамі на пачатку 90-х гадоў. Прыхільнікі прэмʼер-міністра сьцьвярджаюць, што адказнасьць за вайсковыя паразы разам з прэмʼерам павінны разьдзяліць вайскоўцы і былыя кіраўнікі краіны, якія не падрыхтавалі яе да вайны.