Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіў у крымінальнай справе за незаконны доступ да тэлефона журналіста


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З тэлефона Паўла Дайліда падчас яго допыту ў Івацэвіцкім РАУС выдалілі суполку ў «Вайбэры». Але міліцыя паведаміла, што запісы зь відэакамэр зьніклі, таму высьветліць, хто зрабіў гэта, не атрымаецца.

Сьледчы камітэт адмовіўся завесьці крымінальную справу па факце незаконнага доступу да тэлефону рэдактара сайта «Першы Рэгіён» Паўла Дайліда. Гэта вынікае з адказу Івацэвіцкага раённага аддзелу СК на заяву журналіста, у якой той прасіў распачаць справу па артыкуле 203 Крымінальнага кодэксу (парушэньне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленьняў), піша сайт 1reg.by.

Падставай для звароту сталі падзеі 24 сьнежня 2020 году, калі Дайліда выклікалі ў Івацэвіцкі РАУС для допыту ў якасьці сьведкі. Дапытвалі ў крымінальнай справе па факце надпісаў на плоце дома, у якім жыве старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук.

Падчас допыту тэлефон рэдактара сайта знаходзіўся ў камэры захоўваньня Івацэвіцкага РАУС. Акурат у гэты час зь яго рахунку ліквідавалі суполку ў «Вайбэры», створаную для прасоўваньня навін выданьня ў Драгічынскім раёне.

5 студзеня Дайлід зьвярнуўся ў Івацэвіцкі райаддзел СК з просьбай распачаць крымінальную справу па гэтым факце. У заяве ён прасіў зьняць запісы відэакамэр у Івацэвіцкім РАУС, у тым ліку ў памяшканьні для захоўваньня асабістых рэчаў грамадзян.

12 студзеня начальнік РАУС Вадзім Пастаялка вярнуў заяву сьледчым у сувязі з тым, «што заявы аб злачынствах, учыненых супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі зь іх службовай дзейнасьцю, аднесены да кампэтэнцыі органаў папярэдняга сьледзтва».

Праверка па выкладзеных у заяве Дайліда фактах пачалася 14 студзеня, а праз чатыры дні раптам высьветлілася, што відэазапісы ад 24 сьнежня ўбачыць не атрымаецца, хоць яны павінны захоўвацца ня меней за 30 дзён. 12 студзеня ў будынку РАУС быццам бы адключалася электрычнасьць, і «архіў запісаў з камэр відэаназіраньня згубіўся з тэхнічных прычын».

«Па-мойму, нават пяціклясьнік вам скажа, што гэта сур’ёзны нонсэнс. [...] Невядома, ці праводзілася экспэртыза кампутара Івацэвіцкага РАУС, на якім захоўваліся запісы з камэр відэаназіраньня за 24 сьнежня», — пракамэнтаваў сытуацыю Павал Дайлід.

Экспэртыза мабільнага тэлефону журналіста нічога высьветліць не змагла, у выніку 15 сакавіка Івацэвіцкі аддзел СК адправіў журналісту пастанову аб адмове пачынаць крымінальную справу.

Раней пра тое, што нехта карыстаўся ягонымі сацсеткамі, заяўляў іншы карэспандэнт «Першага рэгіёну» Сяргей Гардзіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG