Чачэнскія паліцыянты даставілі ў Грозны 16 сакавіка траіх сваякоў Сулеймана Гезмахмаева, былога супрацоўніка палку імя Кадырава. Ад іх запатрабавалі зрабіць усё, каб той адмовіўся ад паказаньняў аб масавых пакараньнях сьмерцю ў рэспубліцы.
Пра гэта паведамляе «Кавказ.Реалии» са спасылкай на інфармацыю праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял»
Гезмахмаеў расказаў расейскаму выданьню «Новая газета», што ўдзельнічаў у затрыманьні жыхароў Чачэніі, якіх пазьней пакаралі сьмерцю. Ён браў удзел у затрыманьні соцень жыхароў Чачэніі і ахоўваў у спартзалі палку ім. Кадырава мінімум 56 затрыманых. Ён таксама ведаў пра абставіны забойства сама менш 13 чалавек, якое адбылося ў ноч на 26 студзеня на тэрыторыі палку.
«Гэтыя трынаццаць чалавек, іх катавалі і забілі... Калі я даведаўся пра катаваньні і забойствы, я больш не хацеў там працаваць... Яны кажуць табе, што ты павінен кагосьці катаваць. Яны глядзяць, ці трымаеш ты яго галаву пад вадой, ці катуеш токам. Калі ты не выконваеш іх указаньні, яны ліквідуюць цябе ці ў лепшым выпадку выдумляюць, у чым бы цябе абвінаваціць. Напрыклад, у дапамозе баевікам», — прыводзіла словы Гезмахмаева «Новая газета».
Былы супрацоўнік МУС назваў імёны некалькіх затрыманых і абставіны катаваньняў. Гезмахмаеў таксама заявіў, што яго калегу Сулеймана Сараліева прымусілі ўдзельнічаць у пакараньнях сьмерцю. У прыватнасьці, Сулейман задушыў затрыманага Махму Мускіева, з чым ня змог справіцца і пачаў прымаць наркотыкі. Віна за забойства падштурхнула яго даць паказаньні пра тое, як адбываецца пакараньне. Гэтыя паказаньні сталі прычынай яго забойства.
Пра тое, што ў Чачэніі ў ноч на 26 студзеня 2017 году расстралялі 27 затрыманых, «Новая газета» паведаміла летам таго ж году.
У красавіку 2017 году «Новая газета» перадала ў Сьледчы камітэт Расеі сьпіс з 30 забітых жыхароў Чачэніі. Сьледчыя пацьвердзілі гібель чатырох чалавек. Двух чалавек яны знайшлі жывымі і прад’явілі іх упаўнаважанай па правах чалавека пры прэзыдэнце Тацяне Маскальковай. Але на самой справе гэта былі родныя браты забітых у студзені 2017 году Махмы Мускіева і Шамхана Юсупава, якіх вымусілі пайсьці на падман.
Яшчэ тры чалавекі са сьпісу «Новай газеты» былі затрыманыя, іх катавалі, а потым забілі ў выніку арганізаванай у Чачэніі ў канцы лютага 2017 году кампаніі супраць мясцовай ЛГБТ-супольнасьці. У дачыненьні да астатніх 18 чалавек летам і восеньню 2017 году былі распачатыя крымінальныя справы, і ўсе яны былі абвешчаныя ў міжнародны вышук па абвінавачаньні ва ўдзеле ў тэрарыстычных фармаваньнях на тэрыторыі Сырыі. У сакавіку 2018 году СК вынес канчатковую адмову ў адкрыцьці крымінальнай справы па заяве «Новай газеты» і больш не вяртаўся да гэтага пытаньня.
Выданьне атрымала службовыя дакумэнты чачэнскага МУС — табліцы з фота і пэрсанальнымі дадзенымі больш як на 160 затрыманых, а таксама зьвесткі аб выніках апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У іх выданьне знайшло амаль усіх (26 чалавек) са свайго сьпісу забітых.