Дэпутатка Эўрапарлямэнту Карын Карлсбра пракамэнтавала сытуацыю з удзелам Беларусі ў конкурсе «Эўравізія». Яе цытату прыводзіць Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.
«Якую б песьню Беларусь цяпер ні адправіла на конкурс, Лукашэнка ўсё роўна зробіць яе палітычнай. Яго рэжым так працуе, ён выкарыстоўвае СМІ і культуру як машыну прапаганды. І мы павінны гэта спыніць [...]. Лукашэнка не хвалюе аб’яднаньне Эўропы праз музыку. Ён клапоціцца аб тым, каб мірныя акцыі пратэсту ў краіне скончыліся».
Карлсбра дадала, што Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (ЭВЗ) як арганізатар конкурсу «дазволіў Лукашэнку зрабіць „Эўравізію“ часткай ягонай палітычнай гульні». Але яна лічыць, што арганізатарам «яшчэ ня позна паступіць правільна».
Прадстаўніца Швэдзкай лібэральнай партыі ў чарговы раз заклікала ЭВЗ ня толькі выключыць беларускіх прадстаўнікоў з сёлетняга конкурсу, але й прыпыніць сяброўства Беларусі ў сваёй структуры.
13 сакавіка Лукашэнка сказаў, што сваёй адмовай прыняць у конкурс песьню «Галасоў ЗМеста» арганізатары толькі «паднялі аўтарытэт» гурта з Баранавічаў, які вядомы сваімі кпінамі зь беларускай мовы і праціўнікаў Лукашэнкі.
У канцы лютага Карлсбра накіравала ў Эўрапейскі вяшчальны зьвяз афіцыйны ліст за подпісамі дэпутатаў Эўрапарлямэнту з просьбай выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з арганізацыі. Аднак тады ЭВЗ адмовіў у просьбе, матывуючы гэта тым, што знаходзіцца «па-за палітыкай».