У 2024 годзе ў спэцыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых установах знаходзіліся 263 дзіцяці. Гэта вынікае з базы зьвестак Белстату. Гэта рэкордная колькасьць з 2015 году, калі пачалі весьці такую статыстыку, паведаміла «Зеркало».
Годам раней там было амаль на 20% менш дзяцей — 211. А ў 2022-м удвая менш — 131 непаўналетні.
У Беларусі ёсьць чатыры спэцыяльныя ўстановы закрытага тыпу для «цяжкіх» падлеткаў: тры для хлопчыкаў, адна — для дзяўчынак. Туды зьмяшчаюць непаўналетніх ад 11 да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў асаблівым выхаваньні, у тым ліку з псыхафізычнымі асаблівасьцямі або пэўнымі захворваньнямі.
Падлеткаў адпраўляе ў такую ўстанову суд за крымінальныя злачынствы або пасьля трох правапарушэньняў, калі судзьдзя палічыць, што дзіця ня выправілася.
Матэрыялы суду падае камісія ў справах непаўналетніх і міліцыя.
Летась прысуды ў крымінальных справах вынесьлі 593 падлеткам, зь іх 152 чалавекі пакаралі зьняволеньнем. 41 непаўналетняга асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў.
Форум