Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк захаваў стаўку рэфінансаваньня, нягледзячы на рэкордную інфляцыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праўленьне Нацбанку Беларусі захавала стаўку рэфінансаваньня, піша Tut.by са спасылкай на прэс-рэліз рэгулятара.

Усталяваны на 2021 год графік пасяджэньняў праўленьня Нацбанку ў пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі адмяняецца. Пытаньні зьмяненьня стаўкі рэфінансаваньня і ставак па інструмэнтах рэгуляваньня ліквіднасьці банкаў будуць разглядацца «па меры неабходнасьці».

Пры гэтым для абмежаваньня інфляцыі, якая набірае ход, праўленьне Нацбанку прыняло шэраг рашэньняў, накіраваных на ўзмацненьне кантролю за прыростам рублёвай грашовай базы і шырокай грашовай масы, якія ў 2021 годзе зьяўляюцца апэрацыйным і прамежкавым арыенцірамі грашова-крэдытнай палітыкі адпаведна.

Тэрмін прыпыненьня пастаянна даступных апэрацый па падтрымцы і канфіскацыі ліквіднасьці падаўжаецца бестэрмінова — да рашэньня рэгулятара аб іх аднаўленьні. Гэтыя абмежаваньні ўвялі летась у жніўні.

Падтрымка ліквіднасьці банкаў будзе ажыцьцяўляцца з дапамогай правядзеньня крэдытных аўкцыёнаў тэрмінам да 7 дзён у форме конкурсу працэнтных ставак альбо па абвешчанай працэнтнай стаўцы, а таксама штомесячных аўкцыёнаў па выдачы крэдытаў на тэрмін 6 месяцаў па абвешчанай працэнтнай стаўцы. Аб’ём выдачы ліквіднасьці банкам будзе вызначацца, зыходзячы зь неабходнасьці дасягненьня апэрацыйнай і прамежкавай мэтаў.

Пры гэтым стаўка рэфінансаваньня і працэнтныя стаўкі па апэрацыях рэгуляваньня ліквіднасьці Нацбанку захоўваюцца на ранейшым узроўні.

Рашэньне што да стаўкі рэфінансаваньня павінны былі прыняць яшчэ ў сярэдзіне лютага, але тады праўленьне Нацбанку яго адклала «ў сувязі зь неабходнасьцю правядзеньня дадатковага аналізу прагнознай дынамікі спажывецкіх цэн і ацэнкі працягласьці ўзьдзеяньня ключавых фактараў, якія прывялі да паскарэньня росту спажывецкіх цэн».

З тых часоў інфляцыя не запаволілася — у лютым цэны вырасьлі на 1,9%, і гэта пяцігадовы антырэкорд.

З 1 ліпеня 2020 году ў Беларусі стаўка рэфінансаваньня ўстаноўлена на ўзроўні 7,75% гадавых. Гэта рэкордна нізкі ўзровень, які стаў магчымым за кошт некалькіх гадоў нізкай інфляцыі. Да прыкладу, у 2019 годзе спажывецкія цэны вырасьлі на 4,7%, а ў 2020-м інфляцыя разагналася да 7,4%. У студзені яна дасягнула 7,7% у параўнаньні з паказчыкамі папярэдняга году. Экспэрты меркавалі, што з гэтай прычыны стаўку могуць павысіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG