Як гаворыцца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры, 28 лютага ў памяшканьні, арандаваным «Форумам польскіх лякальных ініцыятываў» і «Польскай школай», з удзелам непаўналетніх і моладзі было праведзена «незаконнае масавае мерапрыемства».
«Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі, маладыя людзі выконвалі песьні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы „Буры“. Крымінальная справа накіраваная ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Пракуратура Берасьцейскай вобласьці ўнесла ў аблвыканкам прадстаўленьне і запатрабавала ўзмацніць кантроль за дзейнасьцю арганізацый, якія аказваюць культурна-адукацыйныя паслугі.
З гэтай прычыны Міністэрства замежных спраў Беларусі напярэдадні прапанавала консулу Генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці Ежы Цімафеюку пакінуць краіну ў сувязі з «грубым парушэньнем Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах».
10 сакавіка намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў, што сымэтрычным адказам на нічым не абгрунтаваныя захады стала абвяшчэньне пэрсонай нон-грата аднаго зь беларускіх дыпляматаў у Варшаве.