Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прадставіла свой праект новай Канстытуцыі, у якой функцыі прэзыдэнта — выключна прадстаўнічыя


«Прэзыдэнцкая» Канстытуцыя 1996 году, ілюстрацыйнае фота
«Прэзыдэнцкая» Канстытуцыя 1996 году, ілюстрацыйнае фота

Беларуская апазыцыя распрацавала праект новай Канстытуцыі, згодна зь якой краіна стане парлямэнцкай рэспублікай, паведаміў сябра працоўнай групы Валер Журакоўскі.

«Працоўная група распрацавала цалкам новую рэдакцыю праекту Канстытуцыі, якая адказвае на выклік сёньняшняга часу. У новым праекце прапануецца правесьці зьмены з прэзыдэнцкай на парлямэнцкую форму праўленьня», — цытуе Інтэрфакс Валера Журакоўскага, аднаго з распрацоўнікаў дакумэнту.

У такім выпадку парлямэнт будзе прызначаць прэм’ер-міністра і зацьвярджаць урад. Прэзыдэнт у гэтай сыстэме будзе выконваць прадстаўнічыя функцыі: рэпрэзэнтаваць краіну на міжнароднай арэне, выступаць арбітрам паміж парлямэнцкімі фракцыямі ў сытуацыях, калі тыя ня змогуць дамовіцца аб складзе ўраду, адзначыў Валер Журакоўскі.

Гаворачы пра судовую сыстэму, ён паведаміў, што дзеля забесьпячэньня яе рэальнай незалежнасьці абраны прынцып самакіраваньня.

«Для гэтага ў праекце Канстытуцыі прапануецца стварыць новы, пастаянна дзейны орган судзейскага самакіраваньня — Нацыянальную раду правасудзьдзя. Дзьве траціны яе сябраў будзе абірацца зьездам судзьдзяў, астатняя частка — калегіяй адвакатаў. Гэты орган будзе вырашаць пытаньні дысцыплінарнай адказнасьці», — растлумачыў ён.

Таксама прапануецца ўзмацніць ролю Нацыянальнага банку, які павінен самастойна вызначаць парамэтры грашова-крэдытнай палітыкі без узгадненьня з прэзыдэнтам.

Унесеныя істотныя зьмены і ў прынцып фармаваньня выбарчых камісій.

«Цэнтральная выбарчая камісія павінна фармавацца на парытэтных асновах парлямэнтам, прэзыдэнтам і Вярхоўным судом. У сваю чаргу, ніжэйшыя камісіі будуць ствараць вышэйшыя выбарчыя камісіі. Гэта зьнізіць уплыў выканаўчай улады і на склад камісій, і на іх рашэньні», — зьвярнуў увагу распрацоўнік праекту.

Валер Журакоўскі таксама прапануе адкарэктаваць падыход да мясцовага самакіраваньня ў адпаведнасьці са стандартамі Эўрапейскай хартыі. Так, кіраўнікоў мясцовых выканкамаў будуць выбіраць дэпутаты, абраныя жыхарамі адпаведных тэрыторый.

Паводле прадстаўніка Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы Анатоля Лябедзькі, цяпер перад працоўнай групай стаіць задача абмеркаваць прапанаваныя зьмены зь як мага большай колькасьцю беларусаў.

Таму сакавік абвешчаны месяцам Канстытуцыі — у прывязцы да сьвяточнай даты 15 сакавіка (дата прыняцьця Асноўнага закону). Да восені павінен быць дакумэнт, які можна адпраўляць на галасаваньне, сказаў Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG