Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская выведка: КДБ Беларусі выкарыстоўвае інтымныя сувязі для вэрбаваньня літоўцаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У чацьвер літоўская выведка папярэдзіла, што КДБ Беларусі ўсё больш груба дзейнічае супраць літоўцаў, а для іх вэрбаваньня ня грэбуе і выкарыстаньнем інтымных зносін, пасьля якіх шантажуе кампрамэтуючымі фатаздымкамі, піша DELFI.

«Дзеяньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) Беларусі супраць грамадзян Літвы на беларускай тэрыторыі набываюць усё больш грубыя прыкметы выведвальнай дзейнасьці», — гаворыцца ў справаздачы Дэпартамэнту дзяржбясьпекі і вайсковай выведкі Літвы, апублікаваным у чацьвер.

Як гаворыцца ў дакумэнце, у Літве няма спрыяльных умоў для дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ пад дыпляматычным прыкрыцьцём, таму актыўную выведвальную дзейнасьць супраць грамадзян Літвы КДБ вядзе на беларускай тэрыторыі.

Літоўская выведка сьцьвярджае, што КДБ цікавяць супрацоўнікі паліцыі, Службы аховы дзяржаўнай мяжы, Службы аховы кіраўніцтва, судзьдзі, палітыкі, супрацоўнікі стратэгічных кампаній, дзяржаўных і муніцыпальных ведамстваў, журналісты, якія рэгулярна езьдзяць у Беларусь.

«КДБ пачынае зьбіраць інфармацыю аб літоўскіх грамадзянах, якія прыехалі ў Беларусь, як толькі яны падаюць просьбу пра візу», — гаворыцца ў ацэнцы пагроз.

Паводле інфармацыі выведкі, КДБ у вэрбаваньні літоўскіх грамадзян, якія прыбываюць у Беларусь, выкарыстоўвае кампрамат, інсцэнаваныя аварыі, парушэньні законаў, візавых правілаў, працэдур перасячэньня мяжы, а таксама так званы мэтад «мядовай пасткі», калі заводзяцца інтымныя зносіны з асобамі, якія супрацоўнічаюць з КДБ.

«Мэтай такіх грубых дзеяньняў зьяўляецца запалохваньне грамадзян Літвы магчымым прававым перасьледам і прымус такім чынам да супрацоўніцтва зь беларускай выведкай», — гаворыцца ў дакумэнце.

У справаздачы Дэпартамэнту дзяржбясьпекі і вайсковай выведкі Літвы апісваецца і канкрэтны выпадак, калі беларуская выведка спрабавала завэрбаваць 34-гадовага літоўца, які працуе спэцыялістам у наглядзе за базай дадзеных дзяржаўных устаноў. У дакумэнце апісваецца, што малады чалавек пазнаёміўся ў бары Горадні зь беларускай Аленай, паехаў да яе дадому. А раніцай пры вяртаньні дадому яго спыніў супрацоўнік беларускай міліцыі і запатрабаваў дакумэнты, сказаўшы, што расьсьледуе крадзеж. Паводле інфармацыі літоўскай выведкі, мужчыны, якія сядзелі ў аўтамабілі непадалёк, патлумачылі, што літоўца падазраюць у тым, што ён абакраў новую знаёмую; яму прадэманстравалі кампрамэтуючыя фатаграфіі, зробленыя ў кватэры дзяўчыны. Здымкі прыгразілі перадаць жонцы.

Каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў, літоўца папрасілі «расказаць пра сваё месца працы, ахарактарызаваць калегаў, перадаць копію базы дадзеных насельніцтва». Па вяртаньні ў Літву мужчына зьвярнуўся ў літоўскую выведку і атрымаў дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG