Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі пра ваенную пагрозу зь Беларусі ў сувязі зь беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2021»


Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран/
Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран/

Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што апошнім часам расейскія войскі ў часе апэратыўна-баявой падрыхтоўкі стала адпрацоўваюць элемэнты правядзеньня наступальнай апэрацыі на сушы, у паветры і на моры.

«Акрамя Крыму, ёсьць магчымасьць ваеннай пагрозы Ўкраіне з поўначы, дзе Расейская Фэдэрацыя і Рэспубліка Беларусь плянуюць правесьці ў 2021 годзе маштабныя ваенныя вучэньні „Захад-2021“. Цяпер мы ўважліва адсочваем сытуацыю ў гэтым кірунку», — заявіў Андрэй Таран з нагоды чарговай гадавіны анэксіі Расеяй Крыму.

Паводле міністра абароны, з 2014 году Расея нарошчвае баявы патэнцыял войскаў на часова акупаваных тэрыторыях і ўздоўж межаў Украіны.

«За гэты час у войсках Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругаў стварылі дзьве агульнавайсковыя арміі — 20-ю са штабам у Варонежы і 8-ю са штабам у Новачаркаску (Растоўская вобласьць). На часова акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Крэмль стварыў і ўтрымлівае 1-ы і 2-і армейскія корпусы з штатам каля 35 тысяч вайскоўцаў. На тэрыторыі Прыднястроўскага рэгіёну Рэспублікі Малдова разьмешчана Апэратыўная групоўка расейскіх войскаў (Тыраспаль) са складу Заходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі. Усяго каля дзяржаўнай мяжы Ўкраіны Расея разьмясьціла групоўку войскаў агульнай колькасьцю больш як 86 тысяч вайскоўцаў», — адзначыў Андрэй Таран.

Сёлета ў студзені Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра нібыта нарошчваньне вайсковага патэнцыялу ў памежных краінах. У сувязі з гэтым супольна з расейскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».

Плянуецца, што манэўры пройдуць цягам тыдня — ад 10 да 16 верасьня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расеі.

Аналягічныя вучэньні прайшлі ў 2017 годзе на шасьці палігонах і двух участках мясцовасьці ў Беларусі і трох палігонах у Расеі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.

За вучэньнямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG