Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш няма на каго вешаць». Жыхарку Гомля асудзілі на 75 сутак


Адна з акцый у гомельскім раёне Навабеліца
Адна з акцый у гомельскім раёне Навабеліца

Чарговы арышт на месяц атрымала жыхарка Гомля Анастасія Перавошчыкава. Яна ўжо была асуджаная на 15 дзён арышту  тры разы. Цяпер — яшчэ два разы па 15 дзён. Усяго ў ІЧУ Анастасія мусіць правесьці 75 сутак.

«Мне міліцыянт з Навабеліцкага РАУС, заявіў, што „больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, а іншыя зьехалі за мяжу“. Так ён патлумачыў тое, што Насьцю чарговы раз пакаралі арыштам. Суд быў учора. Ні я, ні адвакат пра яго ня ведалі», — расказала Алена, маці Настасьсі.

Анастасію судзяць, паводле маці, за нейкія здымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам і праз паказаньні чалавека, які сьцьвярджае, што дзяўчына ўдзельнічала ў «партызанінгу».

«Міліцыянт заявіў, што ў іх ёсьць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і за кожны яны будуць даваць па 15 сутак», — расказала яе маці.

«У мяне дома і ў дзеда Насьці, вэтэрана, праводзілі ператрусы. 6 лютага дачка выйшла зь першых 15 сутак, а 8 лютага яе зноў забралі, і з таго часу толькі дадаюць чарговыя суткі! Яе дапытвалі ў міліцыі: „Каго ты ведаеш, дай паказаньні на іншых, здай раённы сьцяг“. Але калі яна ня ведае, дзе сьцяг; калі яна ня ведае, хто тыя людзі, якія стаялі са сьцягамі? Яна ня можа здаць людзей міліцыянту, бо ня ведае іх, а ён злуецца! І дае чарговыя „суткі“», — зазначыла маці.

Кожны раз яна сутыкаецца зь цяжкасьцямі пры перадачах дачкі.

«То яблыкаў не бяруць, то пернікаў, то кніг. Паперу для яе не ўзялі, лісты не даходзяць... Адзін да мяне дайшоў ад Насьці, яна піша на чвэрці аркуша, што ў яе няма паперы...», — дадала Алена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG