Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хімія» і «хатняя хімія»: пракурор запатрабаваў тэрміны 10 фігурантам «справы аб карагодзе» ў Берасьці


Пратэставы карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020
Пратэставы карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020

11 лютага ў Берасьці адбыліся спрэчкі па крымінальнай справе аб карагодзе на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў 13 верасьня мінулага году.

Абвінавачваньне палічыла віну першых дзесяці чалавек даказанай і адзначыла, што толькі двое цалкам прызналі сваю віну: 25-гадовая настаўніца замежных моваў Марына Глазава і 20-гадовая студэнтка трэцяга курсу філфаку БДУ Марына Сірэцан, паведамляе Tut.by.

У выніку пракурор запатрабаваў для абвінавачаных наступныя пакараньні:

  • Марыне Глазавай, Яраславу Ярашуку — па паўтара года «хатняй хіміі»,
  • Марыне Сірэцан — 1 год і 3 месяцы «хатняй хіміі»,
  • Мікалаю Федарэнку, Яўгену Калпачыку, Віктару Дзенісенку, Віталю Літвіну, Аляксею Якубуку — паўтара года «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу,
  • Максіму Жараву — 2 гады «хіміі» + 505 рублёў не пагашанага па старым прысудзе штрафу,
  • Вадзіму Варановічу — 2 гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Марыне Глазавай залічаць у тэрмін выкананьня пакараньня час, які яна прабыла пад вартай і хатнім арыштам.

13 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў сотні берасьцейцаў выйшлі на скрыжаваньне праспэкту Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод. Паводле абвінавачаньня, якое выставілі, у прыватнасьці, Марыне Глазавай, яна вінаватая ў арганізацыі «карагоду», які прывёў да спыненьня руху транспарту на цэнтральных вуліцах гораду.

Тады ўпершыню за час пратэстаў пасьля выбараў беларускія сілавікі ўжылі супраць пратэстоўцаў вадамёт. Трапіла пад струмені з вадамёта і Марына Глазава, якая ўдзельнічала ў карагодзе. Праз 10 дзён дзяўчыну затрымалі. Пазьней стала вядома, што паказаньні пра Марыну Глазаву як арганізатарку карагоду дала адна з удзельніц падзей. З тых, каго пачалі судзіць 20 студзеня, пакуль толькі Марыну Глазаву праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.

20 студзеня ў Ленінскім раённым судзе Берасьця пачаліся слуханьні па справе.

Усяго па «карагоднай справе» праходзяць больш за 50 фігурантаў. Судзяць абвінавачаных групамі па 10 чалавек, іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Суд па першай «дзясятцы» падыходзіць да канца, па другой — пачнецца на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG