Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карагодная справа» ў Берасьці. Колькі ў ёй фігурантаў і калі будзе першы суд?


Карагод падчас нядзельнага пратэсту 13 верасьня ў Берасьці
Карагод падчас нядзельнага пратэсту 13 верасьня ў Берасьці

Фігурантка «справы аб карагодзе» ў Берасьці Марына Глазава ўжо месяц як пад хатнім арыштам і чакае суду, які яшчэ не прызначаны. Свабода даведалася пра фігурантаў гэтай справы.

Паводле сваякоў Марыны Глазавай, яе справа рыхтуецца да накіраваньня ў суд. Дзяўчыну вінавацяць у арганізацыі карагоду, які прывёў да спыненьня руху транспарту па некалькіх цэнтральных вуліцах гораду 13 верасьня.

Тады ўпершыню за час пратэстаў пасьля выбараў сілавікі ўжылі супраць пратэстоўцаў вадамёт. Трапіла пад струмені з вадамёта і Марына Глазава, якая ўдзельнічала ў карагодзе. Праз 10 дзён яе затрымалі.

Марына Глазава
Марына Глазава

Бацька Марыны Глазавай Уладзімер Глазаў у размове з карэспандэнтам Свабоды выказаў меркаваньне, што справу дачкі правяраюць у пракуратуры, каб неўзабаве накіраваць у суд.

«Наколькі магу здагадвацца, справа праходзіць апошнюю праверку, але падрабязнасьцяў ня ведаю. Пра гэта і адвакатам, і ўсім паведамляць забаронена. Мяне і маці Марыны сьледзтва выклікала, але ад дачы паказаньняў у якасьці сьведак мы адмовіліся, скарысталіся сваім правам у Канстытуцыі ня сьведчыць супраць блізкіх сваякоў. Таму нас пра суд не папярэдзяць. Усе зьвесткі пра пачатак суду будуць у Марыны, але пакуль іх няма», — сказаў Уладзімер Глазаў.

Марына Глазава адпачатку не прызнавала сваёй віны і, паводле сваякоў, не адступала ад гэтай пазыцыі падчас сьледзтва. Як Марына Глазава тлумачыць свой удзел у выхадзе на праезную частку праспэкту Машэрава ў Берасьці 13 верасьня, бацьку Марыны невядома.

Пакуль была ў СІЗА, вырасьлі зубы мудрасьці

Два месяцы Марыну Глазаву трымалі ў берасьцейскім СІЗА № 7, а ў канцы лістапада сьледзтва зьмяніла ёй меру стрыманьня на хатні арышт. Вось што Ўладзімер Глазаў расказаў пра ўмовы хатняга арышту дачкі.

«Ёй забароненыя любыя кантакты, акрамя як з бацькамі. Адзін раз на дзень можа выйсьці ў краму. Тэлефон, кампутар — усё забаронена. Мы думаем толькі пра тое, як не нашкодзіць ёй, каб было лепей. У першыя дні, як выйшла зь СІЗА, нават нікому не паведамлялі, што яна ўжо не за кратамі», — сказаў Уладзімер Глазаў.

Праваабаронцы прызналі Марыну Глазаву палітзьняволенай.

«Настрой у яе збольшага нармальны. Выйшла бадзёрая. Нават такая дэталь — там у яе вырасьлі два зубы мудрасьці. Мы з гэтага шмат жартавалі. Карацей, два месяцы зьняволеньня вытрымала, лічу, прыстойна, але будучыня ўсё ж яе засмучае. Дзяўчынцы ўсяго 25, а ёй па гэтым артыкуле пагражае ў лепшым выпадку вялікі штраф ці „хатняя хімія“, а то і некалькі гадоў зьняволеньня. Відаць, яна пра гэта ўвесь час думае і розныя думкі ўзьнікаюць. Таму настрой такі, што сёньня ўсё добра, а заўтра горш. Перапады ёсьць. Але што зробіш — трэба пратрымацца, чакаць».

Сілавікі разганяюць карагод ў Берасьці з вадамётам. 13 верасьня
Сілавікі разганяюць карагод ў Берасьці з вадамётам. 13 верасьня

Праваабаронцы: да 70 чалавек пад пагрозай прыцягненьня да адказнасьці па «карагоднай справе»

У канцы верасьня Сьледчы камітэт па Берасьцейскай вобласьці паведамляў, што адносна падзей 13 верасьня ў абласным цэнтры распачатая крымінальная справа паводле 1 часткі 342 артыкула аб дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. «Высьветленыя і прызнаныя падазронымі 20 чалавек, якія зьдзяйсьнялі супрацьпраўныя дзеяньні», паведамлялі ў СК.

Па зьвестках праваабаронцы зь Берасьця Ўладзімера Вялічкіна, з таго часу «карагодная справа» значна пашырылася. Цяпер у ёй фігуруюць абвінавачанымі альбо падазронымі каля 70 берасьцейцаў, але дакладнай лічбы праваабаронца назваць ня можа.

«37 чалавек фігуруе ў адным сьпісе, 19 у другім. Адных абвінавачваюць, другіх яшчэ падазраюць, але кажуць, што яшчэ высьвятляюць удзел іншых. Нашы зьвесткі — прыкладна пра 70 чалавек — збольшага супадаюць з дадзенымі праваахоўнікаў, але не выключаем, што і замалыя. Мерапрыемства ў той дзень было вялікае, толькі на праезную частку выйшла некалькі тысяч, але зусім не наўмысна, гэтак склаліся абставіны. Цяпер улады ўсіх намагаюцца вылічыць і пакараць, каб аказаць маральны ціск ня толькі на ўдзельнікаў, а на ўсю грамадзкасьць Берасьця. Мэта, лічу, такая — запалохаць насельніцтва», — мяркуе праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін.

Карагод падчас нядзельнага пратэсту 13 верасьня ў Берасьці
Карагод падчас нядзельнага пратэсту 13 верасьня ў Берасьці

СК: «Высьвятляюцца іншыя ўдзельнікі»

Расьсьледаваньне «адносна 10 абвінавачаных завершана, а расьсьледаваньне адносна яшчэ 9 і 37 падазроных працягваецца. Акрамя таго, высьвятляюцца іншыя ўдзельнікі супрацьпраўных дзеяньняў», — паведамляюць пра «карагодную справу» ва ўправе Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG