Судзьдзя Першамайскага раёну Вераніка Барысава спыніла справу празь недаказанасьць віны Тацяны Севярынец і Алены Касновай і папрасіла перад імі прабачэньня. На наступны дзень судзьдзя Кастрычніцкага раёну Ўладзімер Царыкаў з аналягічнай фармулёўкай спыніў справу яшчэ трох удзельніц так званага «пікету ў лесе».
Анак выканаўца абавязкаў пракурора Віцебска Кірыл Дубаў падаў пратэст у абласны суд, абгрунтаваўшы гэта тым, што высновы аб недаказанасьці віны зробленыя дачасна, без належнага дасьледаваньня ўсіх абставінаў правапарушэньня. Паводле пракурора, неабходна было дадаткова апытаць сьведкаў-міліцыянтаў, якія выяжджалі ў лес.
Суд вышэйшай інстанцыі мусіў альбо адхіліць пратэст, альбо задаволіць і накіраваць адміністрацыйныя справы на новы разгляд. Абласны суд адхіліў пратэст пракурора.
Як адрэагавала адна зь фігурантак справы Тацяна Севярынец, «здаецца, нехта здох у Шпілеўскім лесе, бо абласны суд не падтрымаў пратэст пракурора Дубава».
13 студзеня ў прыгарадным лесе на майстар-кляс па скандынаўскай хадзе сабралася кампанія жанчын: Тацяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Коснава, Тамара Ільіна, Раіса Кухто. У выніку іх затрымалі 12 супрацоўнікаў міліцыі.
Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС, дзе склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП за «несанкцыянаваны пікет» і пакінулі да раніцы ў ізалятары. У далейшым суд гэтыя абвінавачваньні зьняў.