Адміністрацыя Джо Байдэна зь першага дня працы робіць усё магчымае, каб «прыцягнуць расейскі рэжым да адказнасьці за варожыя дзеяньні па ўсіх напрамках». Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Вядома, у першыя дні працы гэтай адміністрацыі мы сталі сьведкамі жорсткіх рэпрэсіяў супраць расейскіх грамадзян, якія выйшлі на вуліцы толькі для таго, каб рэалізаваць правы, гарантаваныя ім расейскай Канстытуцыяй», — падкрэсьліў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Нэд Прайс дадаў, што ў гэты момант Дзярждэпартамэнт і дырэктар Нацыянальнай выведкі «разглядаюць цэлы шэраг варожых дзеяньняў» Масквы, улічваючы «абуральныя дзеяньні Расеі» ў выпадку з апазыцыянэрам Аляксеем Навальным і парушэньне ёю правоў чалавека ў больш шырокім сэньсе.
Калі ведамства зробіць высновы з расейскай палітыкі, супраць пуцінскага рэжыму «як найхутчэй» прымуць адпаведныя меры, запэўніў Прайс.
«Не хацеў бы называць часавыя рамкі, але я думаю, вы ясна бачылі, як мы робім шэраг дзеяньняў, каардынуем нашы дзеяньні з саюзьнікамі і партнэрамі, што не пакідае ніякіх сумневаў у нашай пазыцыі», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.