Апытаньне праводзілася 14–20 студзеня сярод гарадзкіх жыхароў Беларусі мэтадам CAWI (онлайн-апытаньне). Было апытана 926 рэспандэнтаў.
Гэта трэцяе падобнае дасьледаваньне ў Беларусі, праведзенае брытанскім цэнтрам зь верасьня 2020 году.
Яго асноўныя вынікі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі абнародаваў каардынатар дасьледаваньня Рыгор Астапеня.
Вайна сьцягоў
Паводле апытаньня, траціна рэспандэнтаў аддае перавагу бел-чырвона-беламу сьцягу, 41% — чырвона-зялёнаму. Пры гэтым толькі каля чвэрці апытаных (24%) згодныя з думкай, што бел-чырвона-белы сьцяг — фашысцкі.
Дасьледаваньне паказала шчыльную сувязь палітычных перавагаў і выбару сьцяга: гарачыя прыхільнікі пратэстаў пераважнай большасьцю аддаюць перавагу бел-чырвона-беламу сьцягу і адмоўна ставяцца да чырвона-зялёнага, адданыя прыхільнікі Лукашэнкі — наадварот.
З гэтай палярызацыі Астапеня зрабіў высновы: «Дзяржаўным сьцягам будзе сьцяг пераможцаў».
Стаўленьне да Пуціна
Паводле студзеньскага апытаньня Chatham House, стаўленьне большасьці гарадзкіх беларусаў да прэзыдэнта Расеі застаецца станоўчым — 53% адказалі, што ставяцца да Ўладзіміра Пуціна станоўча ці вельмі станоўча.
Аднак у параўнаньні з папярэднім дасьледаваньнем сымпатыі да кіраўніка РФ зьнізіліся.
Пры гэтым аб пагаршэньні стаўленьня да Пуціна паведамілі 39% апытаных, асабліва такія адказы распаўсюджаныя сярод прыхільнікаў пратэстаў.
Расейскія крэдыты — аддаваць ці не
Задавалася пытаньне, ці варта будучай Беларусі аддаваць крэдыты, якія Аляксандар Лукашэнка атрымаў ад Расеі пасьля выбараў. Сьвятлана Ціханоўская заяўляла, што новая Беларусь гэтыя крэдыты аддаваць ня будзе.
Яе падыход падтрымалі 39% рэспандэнтаў, 61% выказалі меркаваньне, што іх усё ж варта вяртаць.
Рэйтынгі палітыкаў
Самыя папулярныя палітыкі сярод беларускіх гараджанаў — па-ранейшаму Бабарыка і Лукашэнка. За Бабарыку гатовыя галасаваць як за прэзыдэнта 35% апытаных (у лістападаўскім апытаньні Chatham House — 38%), за Лукашэнку — 24% (у папярэднім апытаньні — 20%). Таксама даволі высокі рэйтынг мае Павал Латушка — 18% (раней — 20%). Іншыя палітыкі значна менш папулярныя.
Навагоднія выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай
Каля паловы апытаных у навагоднюю ноч глядзелі звароты аднаго з гэтых палітыкаў: 31% — Лукашэнкі, 21% — Ціханоўскай. Аднак у запісе выступ Лукашэнкі паглядзелі яшчэ 15%, а Ціханоўскай — 19%.
Як адзначыў Астапеня, немалая частка нават прыхільнікаў пратэсту глядзела навагодні зварот Лукашэнкі, магчыма, чакаючы ад яго агучваньня шляхоў вырашэньня палітычнага крызісу ў краіне.
Зьмена грамадзкага парадку дня
Паводле Астапені, калі ўвосень 2020 году ў грамадзтве дамінавалі палітычныя пытаньні, то цяпер людзі больш увагі аддаюць пытаньням сацыяльна-эканамічным — заробкі, праца, навучаньне дзяцей.
Асабліва выразна гэтая зьмена назіраецца ў малых гарадах.
Стаўленьне да сьмяротнага пакараньня
Апытаньне паказала рэкордна высокі ўзровень адмаўленьня сьмяротнага пакараньня, у той ці іншай ступені адмоўна ставяцца да яго 43%.
На думку дасьледчыкаў, гэта індыкатар агульнага росту недаверу да дзяржаўных інстытутаў — адпаведна, стала менш людзей, якія гатовыя перадаваць такой дзяржаве права забіваць сваіх суграмадзянаў.
«Ці можна давяраць большасьці людзей?»
Станоўча на гэтае пытаньне адказалі 30% рэспандэнтаў. У мінулыя гады падобны адказ давалі менш беларусаў — каля 25%. Палітычны крызіс 2020 году паспрыяў павелічэньню кансалідацыі грамадзтва. Аднак, як адзначыў Астапеня, яна адбываецца сярод сваіх.
Гарачыя прыхільнікі пратэстаў, як і адданыя прыхільнікі Лукашэнкі, адрозьніваюцца паміж сабой амаль ва ўсім. Але не ў адказах на гэтае пытаньне. Самая вялікая колькасьць станоўчых адказаў на пытаньне, ці можна давяраць большасьці людзей, — на краях палітычнага спэктру. Выразная палітычная пазыцыя кансалідуе — але збольшага з аднадумцамі.