Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз разглядае 4 варыянты палітыкі адносна Беларусі: ад «пачакай і паглядзі» да амаль поўнага замарожваньня адносінаў


Кіраўнікі дыпляматычных місій Эўразьвязу сустрэліся з блізкімі беларусаў, забітых падчас пратэстаў, і роднымі некалькіх палітвязьняў. Менск, 7 лютага 2021
Кіраўнікі дыпляматычных місій Эўразьвязу сустрэліся з блізкімі беларусаў, забітых падчас пратэстаў, і роднымі некалькіх палітвязьняў. Менск, 7 лютага 2021

У канцы мінулага году ў Менску амбасадары 16 дзяржаваў Эўразьвязу і кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ распрацавалі дакумэнт, у якім выкладаюцца 4 варыянты палітыкі адносна Беларусі.

Гэты дакумэнт, які трапіў у распараджэньне Радыё Свабода, будзе абмеркаваны ў найбліжэйшы час у Брусэлі. Пакуль невядома, які з наступных прапанаваных варыянтаў прыме кіраўніцтва Эўразьвязу.

«Пачакай і паглядзі»

Гэта варыянт захаваньня status quo. ЭЗ ужо заявіў, што прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі» і што Аляксандру Лукашэнку «не хапае дэмакратычнай легітымнасьці». Пасьля рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі і замарожваньне актываў у дачыненьні да 88 асобаў і 7 суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку да Лукашэнкі і яго сына. Гэта было зроблена трыма пакетамі санкцыяў у канцы 2020 году. Гэты сцэнар у дакумэнце ахарактарызаваны як «паступовы падыход да санкцыяў».

«Прагматычная роўнааддаленасьць»

Гэты варыянт прадугледжвае інтэнсіўнае дыпляматычнае ўзьдзеяньне, размова ідзе пра такія яго формы, як «маўклівая дыпляматыя, накіраваньне місіі высокага ўзроўню ў Менск альбо запрашэньне прадстаўнікоў афіцыйнага Менску ў нэўтральнае месца (скажам, у Швайцарыю), каб абмеркаваць прапанову аб пасярэдніцтве, згода на дыялёг з рэжымам і ўступленьне ў адмысловы дыялёг з АБСЭ наконт сытуацыі ў Беларусі, уступленьне ў дыялёг на высокім узроўні з Расеяй і ЗША аб узмацненьні зьнешняга ціску на Менск, а таксама стварэньне адмысловай кансультацыйнай місіі Эўразьвязу ці пасады адмысловага прадстаўніка ЭЗ для Беларусі».

«Істотнае пагаршэньне адносінаў»

Трэці варыянт прадугледжвае значнае пашырэньне сьпісу асобаў і арганізацыяў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, а таксама паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў да мінімуму і «падтрымка завядзеньня крымінальных і іншых справаў паводле нацыянальнага заканадаўства ў дзяржавах – чальцах ЭЗ супраць вінаватых у катаваньнях і бесчалавечным абыходжаньні». Акрамя таго, гэты варыянт прадугледжвае стварэньне на падставе маскоўскага мэханізму АБСЭ міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Амаль поўнае замарожваньне адносінаў»

Самы жорсткі варыянт прадугледжвае разрыў дыпляматычных адносінаў, поўны санкцыйны рэжым, які закране шэраг галінаў беларускай прамысловасьці, забарону на продаж эўрааблігацыяў і, магчыма, каардынацыю санкцыйнага рэжыму адносна Беларусі з санкцыйным рэжымам адносна Расеі. У межах гэтага варыянту таксама можа разглядацца мараторый на ўдзел Беларусі ў структурах «Усходняга партнэрства» і афіцыйнае прызнаньне ўраду ў выгнаньні.

У дакумэнце, падрыхтаваным 17 высокімі эўрапейскімі дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Менску, таксама адзначаецца шэраг крокаў, якія павінны зрабіць беларускія ўлады, каб аднавіць «зьмястоўны дыялёг з Эўразьвязам». Гэта спыненьне «ўсялякіх рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека, перасьледу прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці».

Эўразьвяз таксама патрабуе ад Менску вызваліць, рэабілітаваць палітвязьняў і выплаціць ім фінансавую кампэнсацыю, забясьпечыць свабодныя і сумленныя выбары пад наглядам АБСЭ і стварыць бясьпечныя ўмовы для вяртаньня тых, хто цяпер у палітычным і прымусовым выгнаньні.

Кіраўнікі дыпляматычных місіяў прапануюць Брусэлю разгледзець пытаньне аб пашырэньні санкцыяў, калі гэтыя ключавыя патрабаваньні ЭЗ ня будуць выкананыя. п

Сярод людзей, якія маюць трапіць пад санкцыі, — найвышэйшыя службовыя асобы рэжыму, у тым ліку ўсе чальцы Савету бясьпекі, іх непасрэдныя сваякі, кіраўнікі абласных адміністрацыяў і памочнікі прэзыдэнта ў рэгіёнах, а таксама «шараговыя выканаўцы гвалту зь ліку прадстаўнікоў міліцыі, КДБ і АМАПу».

Замарожваньне актываў кампаніяў павінна ўключаць у сябе «дзяржаўныя прадпрыемствы, якія робяць свой унёсак у фінансаваньне рэжыму, такія як перапрацоўка нафты, здабыча калію і хімічная вытворчасьць», фінансавыя ўстановы, Менскі транзытны банк, БелАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш», МАЗ, МЗКЦ, Менскі электратэхнічны завод.

На выпадак, калі сытуацыя яшчэ пагоршыцца, дакумэнт прапануе ўвесьці галіновыя санкцыі, якія ўключаюць забарону такім кампаніям, як MasterCard, VISA і Swift, прадастаўляць паслугі альбо пастаўляць тавары беларускім кампаніям, якія займаюцца энэргетыкай і сыравінай, а таксама ўсім дзяржаўным кампаніям і тым кампаніям, якія належаць фізычным асобам з санкцыйнага сьпісу ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG