#Казкі_з_Маляванычам — пад такой назвай і з абноўленай канцэпцыяй штонядзелі ў 20.30 Маляваныч будзе зараджаць энэргіяй дзетак ды іх бацькоў: вандраваць разам па розных часах і краінах, засяроджваючы ўвагу на беларускіх гісторыях, гаворыцца ў анатацыі.
Зрабіць вандроўкі яшчэ цікавейшымі дапамагае Аляксандру Ждановічу наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская, якая шмат гадоў ілюструе кнігі для дзяцей, а таксама стварае незвычайныя малюнкі з адважнымі белымі кацянятамі паводле цяперашніх рэзанансных падзеяў.
Новы сэзон распачаўся «Чортавым скарбам» беларускага клясыка Ўладзімера Караткевіча, а 7 лютага выйдзе 33-я па ліку сэрыя па матывах «Крэсіва» дацкага казачніка Ханса Хрысьціяна Андэрсана. З музыкай дапамагае гурт Recha і Андрусь Такінданг, які зрабіў малюнкі, адказны за анімацыю — Дзяніс Міжуй.
Глядзець і слухаць Маляваныча можна штонядзелі ў 20.30 на каналах фонду #BY_CULTURE у Facebook і на Youtube.