Партал Tut.by паведаміў, што справу супраць ягонай журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна будзе разглядаць суд Маскоўскага раёну Менску. Дата паседжаньня пакуль не прызначаная.
Іх будуць судзіць за раскрыцьцё зьвестак аб адсутнасьці алькаголю ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі. Лукашэнка заяўляў адваротнае — што Бандарэнка быў нібыта п'яны.
Справу аб сьмерці Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі.
І Барысевіч, і Сарокіна беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зьняволенымі. Tut.by адзначае, што ў тым жа судзе Маскоўскага раёну будзе разглядацца «справа Белгазпрамбанку» з удзелам іншых палітычных зьняволеных, у тым ліку Віктара Бабарыкі. Папярэдняе паседжаньне ў «справе Белгазпрамбанку» прызначылі на 4 лютага. Будынак суду ўжо абгарадзілі.
Згодна з матэрыяламі справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента бальніцы Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запытаная ёй інфармацыя складае мэдычную таямніцу і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюджваньне.
Дзеяньні Кацярыны Барысевіч кваліфікавалі паводле ч.5 арт.16 і ч.3 арт.178 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Арцёма Сарокіна — па ч.3 ст.178 КК РБ. Меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту пакінулі бязь зьмены. Справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі. Ягоная маці ня мае доступу да матэрыялаў праверкі.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».