«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя дзеяньнямі Расеі ў дачыненьні да Аляксея Навальнага, — напісаў у Твітэры дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкэн. — Мы зноў заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня, а таксама да вызваленьня ўсіх незаконна затрыманых за ажыцьцяўленьне сваіх правоў».
Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб таксама запатрабаваў неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Навальнага, а таксама ўсіх мірных дэманстрантаў і журналістаў, арыштаваных за апошнія два тыдні.
Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас назваў прысуд Навальнаму «ўдарам па цьвёрда вызначаных правах свабоды і вяршэнства закону ў Расеі». Ён таксама запатрабаваў неадкладна вызваліць Навальнага.
2 лютага Сіманаўскі раённы суд Масквы на выязным пасяджэньні ў Маскоўскім гарадзкім судзе пастанавіў замяніць Навальнаму умоўны тэрмін у справе «Іў Рашэ» рэальным. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА і пад хатнім арыштам, апазыцыянэр прабудзе ў калёніі два гады і восем месяцаў.