Самая маштабная акцыя адбылася ў цэнтры Варшавы. Людзі скандавалі «Свабода, роўнасьць, аборты па патрабаваньні». Адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй. Для разгону мітынгоўцаў ужылі сьлезацечны газ.
Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэньне аб практычна поўнай забароне абортаў яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Аднак новаўвядзеньні ўступілі ў сілу толькі 27 студзеня пасьля афіцыйнай публікацыі. Суд прызнаў незаконным перапыненьне цяжарнасьці нават у тым выпадку, калі ў плоду ёсьць прыроджаныя паталёгіі.
У пастанове суда гаворыцца, што падобныя рэчы дыскрымінуюць дзіця, якое яшчэ не нарадзілася. Апазыцыйныя партыі, праваабарончыя арганізацыі і Эўразьвяз лічаць, што рашэньне парушае правы жанчын.
Штогод у Польшчы праводзіцца каля тысячы легальных апэрацыяў па перапыненьні цяжарнасьці, 98% зь якіх — па прычыне унутрычэраўных паталёгіяў плоду.
Групы па абароне правоў жанчын паведамляюць, што цяперашняя колькасьць абортаў сярод польскіх жанчынаў, якія праводзяцца альбо падпольна, альбо ў іншых краінах, дасягае 80-120 тысячаў.
Паводле Белстата ў 2017 годзе ў Беларусі было зроблена 25.2 тысячы абортаў.