Унутраныя войскі МУС абвясьцілі тэндэр на закуп відэарэгістратараў і камплектуючых да іх на агульную суму 1,5 мільёна рублёў.
Гаворка ідзе пра 1364 пэрсанальныя відэарэгістратары і 97 тэрміналаў зарадкі, архіваваньня дадзеных відэарэгістратараў. На відэарэгістратары плянуюць патраціць 791,1 тысячы рублёў, на тэрміналы зарадкі — 715,5 тысячы рублёў.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў байцоў унутраных войскаў актыўна задзейнічаюць у разгонах мірных акцый пратэсту ў Беларусі.
У міліцыянтаў і супрацоўнікаў ДАІ пры нясеньні службы відэарэгістратары, паводле інструкцыі, заўсёды павінны быць уключаныя, у тым ліку для фіксацыі «правапарушэньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Запісы зь відэарэгістратараў цяпер таксама выкарыстоўваюць у судзе, каб пацьвердзіць віну падсуднага. У той жа час былі выпадкі, калі судзьдзі адмаўлялі адвакатам на просьбу прадэманстраваць на паседжаньні запісы зь відэарэгістратараў сілавікоў, каб даказаць невінаватасьць падсуднага.