Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нам крычалі: «Фашысты!» Мы не разумелі, за што, пакуль ня ўбачылі, што робіць АМАП


Байцы ўнутраных войскаў
Байцы ўнутраных войскаў

«Беларускія навіны» апублікавалі інтэрвію з маладым менчуком, які нядаўна вярнуўся з тэрміновай службы ва ўнутраных войсках. Ён расказаў, што адбывалася ў самыя гарачыя дні пратэстаў па той бок барыкад.

Суразмоўца выданьня з восені 2019-га да восені 2020-га служыў у вайсковай частцы №3310 у вайсковым гарадку Аколіца.

— Калі мне прапанавалі службу ў частцы 3310, я сказаў на гутарцы, што не зьяўляюся прыхільнікам дзейнай улады. Разумею, што на выбарах прэзыдэнта ўнутраныя войскі могуць быць выкарыстаныя для разгонаў людзей, я ў гэтым удзельнічаць не хачу. Мяне запэўнілі, што частка 3310 не займаецца разгонам грамадзян, а толькі патруляваньнем. Я пагадзіўся.

— Што зьмянілася бліжэй да выбараў?

— У канцы вясны нас пачалі рыхтаваць да выбараў. Частка выкарыстоўвалася АМАПам для трэніровак, а нас выкарыстоўвалі як статыстаў — мы гралі ролю ўмоўных пратэстоўцаў. Затым прыехала менская абласная міліцыя, і мы ўсе разам трэніраваліся адпрацоўваць розныя манэўры.

— І як у іх разуменьні павінны былі паводзіць сябе пратэстоўцы?

— Чакалася, што яны будуць агрэсіўнымі, будуць выкарыстоўваць фізычную сілу супраць АМАПу і байцоў тэрміновай службы. Нас рыхтавалі зусім не да таго, з чым давялося сутыкнуцца на вуліцы. Меркавалася, што будзе жорсткі сілавы сцэнар з боку пратэстоўцаў, сьмертазабойства.

Нам давалі, напрыклад, драўляныя брускі, якія імітавалі камяні, і мы кідалі іх у АМАП. Кідалі ў іх шыны і бутэлькі з вадой. Яны ў адказ на нас ішлі, закрываючыся шчытамі. Задача была не пабіць, а падзяліць, акружыць. Гэта значыць, яны не практыкаваліся бегаць за людзьмі, як гэта робіцца цяпер. Трэніраваліся біць гумовымі палкамі, якія бываюць, дарэчы, розныя па масе — ад 800 грамаў да паўтара кіляграма.

Нас навучылі хутка манэўраваць, хутка мяняць пазыцыю са шчытамі. Трэба разумець, што бачнасьць у поўнай амуніцыі жудасная — шлемы вельмі старыя, падрапаныя. Як бачыць чалавек без акуляраў пры зроку мінус чатыры, так і мы бачылі ў сваіх шлемах. Так што страшэнны выгляд сілавікоў, пра які шмат пішуць, гэта вельмі сьмешна.

Прыкладна 20 ліпеня прайшлі масавыя вучэньні на аэрадроме Ліпкі, у якіх удзельнічала вельмі шмат вайскоўцаў. Ты сядзіш у аўтобусе — а на працягу дзесяці хвілін едуць і едуць машыны зь людзьмі. Там паспрабавалі выбудаваць мікрамадэль цэнтру Менску з шынаў і пачалі распрацоўваць розныя сцэнары, якія могуць адбыцца пасьля выбараў. Былі вадамёты і іншая спэцтэхніка. Адна частка вайскоўцаў іграла пратэстоўцаў, другая — сілавікоў, якія павінны былі людзей выціскаць.

Мы ўспрымалі гэта як ваенную гульню, магчымасьць выплюхнуць назапашанае за час службы напружаньне і агрэсію. Ніякай рэфлексіі не было, людзі думалі, што прыедуць у Менск і будуць стаяць у нейкім ачапленьні.

На вуліцах Менску пасьля выбараў выкарыстоўвалі ўсё, што я бачыў на вучэньнях, за выключэньнем атрутнага газу, які выклікае ваніты. Ужо на вучэньнях было відаць, што гэты газ больш прычыняе шкоду ня ўмоўным пратэстоўцам, якія могуць уцячы, а сілавікам, якія не павінны адхіляцца ад маршруту.

«Хлопцы, забівайце іх»

— Што адбывалася 9 жніўня?

— У дзень выбараў нас пашыхтавалі ў амуніцыі са шчытамі, сказалі дзейнічаць па ўказаньні і што мы накіроўваемся ў Менск для прадухіленьня магчымых парушэньняў правапарадку.

Мы расьселіся па машынах, якіх у калёне было каля шасьцідзесяці. Мы не разумелі, што нас чакае, адрэналін зашкальваў, было страшна ад незвычайнасьці сытуацыі. Мы ехалі, а людзі нас фатаграфавалі. Нам адразу ж сказалі надзець балаклавы і зачыніць вокны.

Спыніліся недалёка ад Купалаўскага тэатру. Гадзіну пад сёмую вечара сталі выпускаць у біятуалеты. Кармілі ў той дзень адзін раз — тушонкай і хлебам. Забягаючы наперад, скажу: з кожным прыездам у Менск якасьць харчаваньня паляпшалася. Увосень давалі нетыповую для войска ежу, гэта была спонсарская падтрымка ўнутраных войскаў. Нават вага рэзка ў многіх паднялася — мы елі ёгурты, сасіскі, сыры, згушчонку, шмат усяго.

Увогуле, мы даседзелі амаль да дзявятай вечара, думалі, ужо нічога ня будзе. Раптам прагучала каманда апрануцца (мы зьнялі бронекамізэлькі да таго часу) і вельмі хутка «марш за мной», і мы пабеглі ў бок праспэкту Незалежнасьці і да Палаца спорту, не спыняючыся.

Ужо тады пратэстоўцы крычалі ўсьлед: «Ганьба! Фашысты». Мы не разумелі, за што, пакуль ня ўбачылі, што робіць АМАП, зь якім людзі нас атаясамлялі.

Каля Палаца спорту пашыхтаваліся са шчытамі, пачалі адціскаць людзей. Апынуліся каля мастка празь Сьвіслач каля гатэлю «Беларусь». Гэта быў поўны хаос, ніякіх камандаў не было чуваць, усе разгубіліся, ня ведалі, што рабіць.

У нейкі момант камандаваньне ўзялі на сябе малодшыя афіцэры, быў загад ісьці да Верхняга гораду. Мы пашыхтаваліся ў шэраг і пайшлі. Відаць было, што перад намі людзі, мы іх адціскалі. Яны нам крычалі абразьлівыя словы. Мы па-ранейшаму не разумелі, чаму яны так кажуць.

Потым каля Нямігі ўбачылі, як працуе АМАП. Добра памятаю, як супрацоўнік АМАПу з шалёнымі вачыма (іх шыхт у нейкі момант быў перад намі) сказаў нам матам, у перакладзе на беларускую мову: «Хлопцы, забівайце іх. Альбо яны, альбо мы. Яны вас шкадаваць ня будуць, і вы іх не шкадуйце». АМАП пабег на людзей, мы ішлі за імі на значнай адлегласьці.

Адрэналін быў жудасны. У нейкі момант сказалі выкарыстоўваць балёнчык. Я дастаў і тут жа паклаў назад, апусьціў і палку. І зразумеў, што павінен быць не з таго боку барыкадаў. Мы ня ведалі, што адбываецца, чулі выбухі, гукі сырэнаў машын хуткай дапамогі. Нашы калегі, якія апынуліся на стэле, казалі, што там наогул была вайна.

Асабіста я нікога ня біў, ні разу не падняў руку на чалавека. Большасьць маіх таварышаў па службе таксама гэтага не рабілі. Пры гэтым мой камбат ударыў матацыкліста дубінкай і разьбіў яму шкло. Больш за тое, у нас была задача адагнаць людзей ад АМАПу, абараняць, па сутнасьці. Былі прыклады, калі тэрміновікі ўжо ў наступныя дні адпускалі людзей каля аўтазакаў.

— У вас былі зброя і выбуховыя пакеты?

— Не, ва ўнутраных войсках агнястрэльная зброя была толькі ў афіцэраў.

— З вашых слоў выходзіць, што ўжо 9 жніўня супраць бяззбройных людзей мэтанакіравана вывелі армію і АМАП, якія атрымалі дазвол на загад ужываць спэцсродкі.

— Так і было. Ведаю, што спэцсродкі былі ў спэцназу, гэта значыць, у вайскоўцаў-кантрактнікаў. Загады яны атрымлівалі па рацыі, якая была толькі ў афіцэраў. Не магу сьцьвярджаць, што яны самі выбіралі цэлі для стральбы. Ведаю толькі, што ў цэлым арганізацыя была слабая.

Тэрміновікі не жадалі біцца з пратэстоўцамі, жыцьцё даражэйшае

— Для вас 9 жніўня калі скончылася?

— У частку прыехалі а пятай раніцы 10 жніўня, паелі, леглі спаць. А 10-й гадзіне быў пад’ём і загад на выезд. Першыя пяць дзён спалі па тры-чатыры гадзіны. Афіцэры не ішлі з казармы дадому, начавалі там жа тыдні два. І толькі потым ужо сталі выпускаць на выходны.

АМАП у некалькі першых дзён працаваў амаль бяз сну.

Я быў сьведкам таго, як афіцэр пасьля ночы з 9-га на 10-га крычаў, што, маўляў, навошта мы іх чапалі, яны ж нас усіх перабʼюць. Усім было вельмі страшна. Салдаты абмяркоўвалі, што павінна здарыцца для таго, каб мы кінулі шчыты. Да серады паніка была вельмі моцная. Думалі, што на вуліцы выйдуць людзі ледзь не зь сякерамі і віламі. Тэрміновікі не зьбіраліся біцца зь імі, жыцьцё даражэйшае. У бой ніхто не хацеў уступаць.

Я, як і некаторыя іншыя салдаты, чакаў, калі на нас пойдуць пратэстоўцы, каб мы маглі вырвацца адтуль. Але гэтага так і ня здарылася. Пры тым, што ўсіх разам сілавікоў, у тым ліку тэрміновай службы, было ня больш за пяць тысяч чалавек.

Калі разглядаць сілавы сцэнар як даступны, то разьбіць гэты баявы парадак не ўяўлялася складаным. Ён разбураецца вельмі хутка. Да таго ж трэба разумець, што тэрміновікі не былі прыхільнікамі Лукашэнкі. Пра тое, што за яго галасавалі, сказалі толькі двое.

Менск, 9 жніўня
Менск, 9 жніўня

У наступныя дні ідэолягі прыносілі нам улёткі — там была інфармацыя, што машыны пратэстоўцаў зьбіваюць салдатаў. Я ня ведаю, ці праўда гэта. Аднак майму калегу 9 жніўня прыляцела бутэлька ў твар, ён застаўся безь пярэдніх зубоў, расьсекла губу. Яго зашывалі.

Памятаю, як мы ў адзін зь дзён стаялі ў Малінаўцы. Нас папярэдзілі, што з дарогі матацыклісты могуць кідаць кактэйлі Молатава. Стаіш сьпінай да праспэкту Дзяржынскага, кожная машына, якая праяжджае, сыгналіць. Варта праехаць матацыклісту — уціскаеш галаву ў плечы, таму што ў любую сэкунду чакаеш, што табе ў сьпіну прыляціць. Было вельмі страшна. Здавалася, што горад на цябе палюе. Але потым усё зьмянілася.

Думаю, брутальнасьць з боку сілавікоў аслабла, таму што яны зразумелі, што яшчэ крыху — і пачнецца сілавая агрэсія супраць міліцыі. Ну а з часам пратэсты сталі часткай руціны.

Да 16 жніўня мы выяжджалі ў Менск штодня, потым па нядзелях. Пратэсты сталі падкрэсьлена мірнымі, зьявіліся жаночыя маршы. Зьмянілася рыторыка афіцэраў, якія сталі гаварыць аб тым, што на вуліцы выходзяць пʼяныя і асацыяльныя.

— Аднак гвалт з боку АМАПу не спыняўся. Шмат у каго склалася думка, што яны былі такія жорсткія, якім ня можа быць прафэсіянал у здаровым розуме ў адносінах да мірных людзей.

— Камандзіры казалі нам, што мы ня тыя, хто павінен біць людзей, што мы не АМАП. Дарэчы, тэрміновую службу ад міліцыянта і на фота можна лёгка адрозьніць — у салдата ёсьць фляжка. Наконт нематываванай жорсткасьці адзначу: у жніўні супрацоўнікі АМАПу прымалі насвай. Я гэта бачыў на ўласныя вочы. Мы ніякіх забароненых рэчываў не прымалі.

— Як цяпер вы бачыце, што адбылося з вамі і з усімі намі?

— Для сябе я першапачаткова прыняў рашэньне не ўжываць супраць людзей сілу і быў яму верны. Я таксама ведаў, што, калі б мне далі ў рукі зброю і далі загад страляць, я б гэтага не рабіў.

Я не зрабіў нічога злачыннага. Ня выключана, што калі б на маім месцы быў чалавек зь іншымі ўстаноўкамі, для пратэстоўцаў усё абярнулася б горш. Калі я сыходзіў, камандзір часткі мне сказаў, што ня ведае, якая ўлада будзе далей, але сёньня яна такая, якая ёсьць. Ён сказаў, што мы выканалі свой абавязак і пры гэтым не зрабілі нічога, за што трэба саромецца. Я таксама так лічу. Мне ня сорамна за тое, што я рабіў.

Тое, што здарылася пасьля 9 жніўня, трагічна, для мяне ў тым ліку таму, што я ўсё сваё жыцьцё быў настроены да дзейнай улады нэгатыўна. Жнівеньскія падзеі былі для мяне цяжкімі, але я не магу сказаць, што лічу сябе ў нечым вінаватым.

І мне шкада, што людзі аказаліся не гатовыя да рашучых дзеяньняў. Нам было зразумела, што калі пратэстоўцы прыціснуць, усё абрынецца за сэкунду.

Цяпер сілавікі зыходзяць з таго, што ніколі не панясуць адказнасьці. Санкцыйныя сьпісы, «чорная кніга» не даюць нічога. Сілавікі ўсьведамляюць, што ўлада ў Лукашэнкі.

Мне здаецца, што час страчаны, з пазыцыі сілавікоў відаць, што пратэст звужаецца. Ім у жніўні было страшна ўвайсьці ў калёну, дзе былі сотні тысяч чалавек, а цяпер тэрміновікі ганяюць людзей па дварах. Сілавікі лічаць сябе пераможцамі.

Ня варта думаць, што ў вачах сілавікоў АМАП страціў рэпутацыю ў выніку таго, што рабілі яго супрацоўнікі з пратэстоўцамі. Было шмат размоў пра тое, што іх добра стымулююць матэрыяльна, у адрозьненьне ад афіцэраў унутраных войскаў. І я чуў ад афіцэраў-кантрактнікаў, што ў іх ёсьць пляны перайсьці ў АМАП. Яны ня думаюць пра далёкую пэрспэктыву, жывуць сёньняшнім днём. Рэальнасьць такая, што сёньня АМАП і міліцыя — тое, на чым працягвае трымацца Лукашэнка.

І ўсё ж, убачыўшы сытуацыю знутры, я думаю, што калі людзі зноў стануць масава выходзіць у горад, многае зьменіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG