Паведамленьне разьмешчана на сайце Белага дома. Бэнан — былы кіраўнік рады дырэктараў ультраправага амэрыканскага онлайн-часопіса Breitbart News. У 2016 годзе выданьне стала адным з асноўных СМІ, якія падтрымлівалі прэзыдэнцкую кампанію Трампа, а Бэнан тады ўзначаліў перадвыбарчы штаб будучага прэзыдэнта.
Пазьней ён стаў яго старшым дарадцам, але быў звольнены ў 2017 годзе.
У жніўні ён быў западозраны ў прысваеньні сама меней мільёна даляраў сродкаў некамэрцыйнай арганізацыі, якая зьбірае грошы на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Ён сябе вінаватым не прызнаў.
У распараджэньні Трампа сказана, што абвінавачаньне перасьледавала Бэнана за яго ўдзел у палітыцы. Былы дарадца названы важным лідэрам кансэрватыўнага руху. Акрамя Бэнана, Трамп памілаваў былога бойфрэнда асуджанай за спробу прыхаванага ўплыву на амэрыканскую палітыку расейкі Марыі Буцінай.
Былы чалец праўленьня Амэрыканскага кансэрватыўнага саюзу Пол Эрыксан быў асуджаны на сем гадоў турмы праз абвінавачаньне ў махлярстве і адмываньні грошай.
У заяве Белага дому гаворыцца, што абвінавачаньне Эрыксана было зроблена пасьля таго, як яго не ўдалося прыцягнуць за сувязі з Масквой. Буціна ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што зь яе пункту гледжаньня Трампу варта было б памілаваць асуджаных у ЗША расейцаў, напрыклад асуджанага за спробу паставіць зброю калюмбійскім левым радыкалам на 25 гадоў турмы расейца Віктара Бута, якога сьледзтва лічыла адным з найбуйнейшых гандляроў зброяй у сьвеце.
Раней газэта The New York Times сьцьвярджала са спасылкай на свае крыніцы, што прэзыдэнт плянаваў загадзя памілаваць сябе і сваё найбліжэйшае асяродзьдзе, уключаючы свайго адваката — былога мэра Нью-Ёрку Рудольфа Джуліяні.
Агенцтва Reuters паведаміла, што супрацоўнікі яго адміністрацыі пераканалі яго не рабіць гэтага, таму што гэта выглядала б так, быццам яны ўчынілі нейкія злачынствы.