Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьмякчыў судовы прысуд, вынесены ягонаму сябру і былому дарадцу Роджару Стоўну за дачу ілжывых паказаньняў у Кангрэсе, перашкоду правасудзьдзю і ціск на сьведак.
14 ліпеня 67-гадовы Стоўн павінен быў прыбыць у фэдэральную турму ў штаце Джорджыя, дзе яму трэба адбыць тэрмін пакараньня ў 40 месяцаў. Як адзначае «Голас Амэрыкі», Стоўн быў асуджаны за ману пад прысягай на слуханьнях у Кангрэсе ЗША перад заканадаўцамі, якія расьсьледавалі ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША 2016 году. Стоўн таксама пагражаў сьведкам і зьнішчаў доказы.
Прэзыдэнт ЗША, адказваючы ў пятніцу на пытаньне журналістаў, ці зьбіраецца ён памілаваць Стоўна, адказаў: «Я разгледжу гэтае пытаньне. Думаю, што да Роджэра Стоўна паставіліся вельмі несправядліва, як і да многіх людзей».
Вэтэран Рэспубліканскай партыі Роджэр Стоўн сябруе з Дональдам Трампам некалькі дзесяцігодзьдзяў.
Дэмакрат Адам Шыф, кіраўнік Камітэту па выведцы Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, асудзіў рашэньне прэзыдэнта, заявіўшы, што Трамп прадэманстраваў: у ЗША ёсьць дзьве сыстэмы правасудзьдзя — «адна для яго злачынных сяброў, іншая — для ўсіх астатніх».
Зьмякчэньне прысуду не адмяняе абвінаваўчы прысуд, як гэта робіць памілаваньне, удакладняецца ў публікацыі «Галасы Амэрыкі».
Роджэр Стоўн стаў шостым памочнікам альбо дарадцам Трампа, якога асудзілі паводле абвінавачваньняў, высунутых у рамках расьсьледаваньня спэцпракурора Робэрта Мюлера што да расейскага ўмяшання ў выбары ў ЗША.