Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп асудзіў прапанову аб’явіць яму імпічмэнт


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, 12 студзеня 2021
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, 12 студзеня 2021

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп упершыню пасьля беспарадкаў у Вашынгтоне 6 студзеня зьявіўся на публіцы і пагутарыў з журналістамі перад тым, як адправіцца ў штат Тэхас.

Ён упершыню пракамэнтаваў пляны дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў абвясьціць яму імпічмэнт, асудзіўшы іх і параўнаўшы з «паляваньнем на вядзьмарак». Трамп таксама сказаў, што гэтыя пляны выклікаюць «гнеў» у многіх людзей.

Прэзыдэнт адмаўляе, што падбухторваў 6 студзеня сваіх прыхільнікаў да гвалту. Менавіта пасьля мітынгу з удзелам Трампа частка яго ўдзельнікаў уварвалася ў будынак Капітолія, відавочна з мэтай сарваць зацьвярджэньне Кангрэсам перамогі апанэнта Трампа Джо Байдэна на выбарах прэзыдэнта. Трамп сказаў, што ў яго прамове не было заклікаў да гвалту. Ён таксама асудзіў тэхналягічныя кампаніі за тое, што яны заблякавалі яму доступ да сацыяльных сетак.

У Тэхасе Трамп, як чакаецца, наведае мяжу з Мэксікай і выступіць на фоне памежнай сьцяны, збудаваньне якой было адным зь ягоных абяцаньняў.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу сёньня разглядае прапанаваную дэмакратамі рэзалюцыю з заклікам да віцэ-прэзыдэнта і іншым чыноўнікаў адміністрацыі адхіліць прэзыдэнта ад выкананьня абавязкаў у адпаведнасьці з 25-й папраўкай да Канстытуцыі. Галасаваньне чакаецца ўначы па менскім часе. Калі віцэ-прэзыдэнт не прыслухаецца да рэзалюцыі, то ўжо ў сераду дэмакраты абяцаюць выставіць на абмеркаваньне Кангрэса пытаньне аб імпічмэнце Трампу па абвінавачваньні ў падбухторваньні да мецяжу.

Большасьць камэнтатараў лічыць, што кантраляваная дэмакратамі Палата прадстаўнікоў можа пасьпець вынесьці Трампу імпічмэнт да канца тэрміну яго паўнамоцтваў 20 студзеня, але Сэнат наўрад ці пасьпее да гэтай даты правесьці працэс аб адхіленьні яго ад пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG