Гэтыя дзеяньні падпадаюць пад ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства). Матэрыяльную шкоду пацярпелыя ацанілі ў 5 222 рублі, паведамляе «Вясна» . Справу разглядае судзьдзя Віктар Шаўцоў.
Таксама фігурантаў справы судзяць за рэчывы, якія знайшлі падчас ператрусу ў абвінавачаных: ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да гаручых рэчываў); ч. 2 арт. 296 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да халоднай зброі); ч. 1 арт. 328 (незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў).
Мужчын затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК непасрэдна каля машыны. Сілавікі выкарыстоўвалі зброю, адзін з затрыманых быў моцна пабіты.
На лаве падсудных пяць менчукоў ад 28 да 39 гадоў:
• 31-гадовы беспрацоўны Ягор Яўстратаў — ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні з гаручымі рэчывамі)
• 28-гадовы кур'ер піцэрыі Павал Сахарчук — ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (незаконныя дзеяньні з халоднай зброяй)
• 32-гадовы работнік мэтро Арцём Анішчук — ч. 2 арт. 339
• 32-гадовы работнік піцэрыі Арцём Нечыпар — ч. 2 арт. 339
• 39-гадовы трэнэр каратэ Антон Быкоўскі — ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 328.
Усіх вінавацяць у пашкоджаньні машыны жонкі міліцыянта ў Баравой. Яўстратава таксама судзяць па дадатковых артыкулах за знойдзенныя грашовыя сродкі, Быкоўскага абвінавачваюць у незаконным вырошчваньні канопляў, а Сахарчука за збыт тэлескапічнай дубінкі.
Антон Быкоўскі прызнае віну паводле арт. 328 і 339 часткова. Ягор Яўстратаў паводле арт. 295-3 цалкам прызнае віну, па арт. 339 — часткова. Павал Сахарчук і Арцём Анішчук цалкам прызналі віну, Арцём Нечыпар цалкам не прызнае віны. Усе яны раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці.
Пры гэтым прэсавая служба МУС акцэнтуе, што затрыманыя — «актыўныя ўдзельнікі пратэстаў і такім чынам вырашылі спагнаць злосьць да праваахоўных органаў».
Неўзабаве пасьля арышту было распаўсюджанае відэа допыту Антона Быкоўскага. Ён адказвае з заплюшчанымі вачыма і ўвесь у крыві. На адно з пытанняў гаворыць, што «памыліўся палітычнымі поглядамі».