Пяцярым мужчынам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта, пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторым зь іх таксама выставілі дадатковыя абвінавачаньні, піша «Наша Ніва».
«У Менскім раёне пяцёра мужчын пашкодзілі аўто жонкі міліцыянта», — паведаміла міліцыя 29 верасьня. Апублікавалі і відэасюжэт: мужчыны пакінулі свае машыны ў лесе, прыйшлі пехатой да дома міліцыянта. Аўтамабіль аблілі фарбай, пазалівалі дзьверы мантажнай пенай, прабілі колы.
Усіх мужчын жорстка затрымалі. Міліцыя выклала відэа, дзе адзін з затрыманых прызнаецца (верагодна, пасьля зьбіцьця і атакі пярцовым балёнчыкам), што «памыліўся палітычнымі поглядамі». На відэа — 39-гадовы дзіцячы трэнэр па дзюдо Антон Быкоўскі.
4 сьнежня Сьледчы камітэт паведаміў, што расьсьледаваньне па справе скончылі. Усіх фігурантаў вінавацяць у злосным хуліганстве, якое зьдзейсьніла група асобаў. Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Акрамя таго, некаторым фігурантам дадалі і іншыя абвінавачаньні.
«Вызначана, што 28-гадовы жыхар Менскага раёну збыў 30-гадоваму менчуку тэлескапічную мэталічную дубінку. Паводле заключэньня экспэрта, гэты прадмет зьяўляецца халоднай зброяй ударна-раздрабняльнага дзеяньня, — паведамляюць сьледчыя.
- Адпаведна, 28-гадовага мужчыну вінавацяць у збыце халоднай зброі — гэта да 2 гадоў калёніі.
- 31-гадовага мужчыну — у вырабе і захоўваньні прадметаў, «дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў». За гэта таксама пагражае да 2 гадоў.
У Антона Быкоўскага сьледчыя знайшлі наркотыкі.
«Дома ў 39-гадовага жыхара Менскага раёну была канфіскавана марыхуана. Там жа выяўлены каноплі ў гаршчэчку, а таксама спэцыяльнае абсталяваньне для іх вырошчваньня — лямпы, вэнтылятары», — паведаміў СК.
Цяпер Быкоўскага вінавацяць яшчэ ў захоўваньні наркотыкаў бяз мэты продажу (да 5 гадоў калёніі) і ў вырошчваньні расьлін, якія ўтрымліваюць наркатычнае рэчыва, групай асобаў ці тым, хто раней зьдзейсьніў такое ж злачынства (гэта ўжо да 7 гадоў).
Жонка Антона Быкоўскага сказала «Нашай Ніве», што ня ведала ні пра якія наркатычныя рэчывы.
«Увогуле апошні месяц перад затрыманьнем мы з Антонам жылі паасобку — быў крызіс у стасунках. Таму я нічога ня ведаю. Калі пры ператрусе штосьці знайшлі, я была ў іншым пакоі і ня бачыла, што там. У пратаколе было напісана проста «рэчыва расьліннага паходжаньня», — кажа Дар’я.
Быкоўскі, як і іншыя фігуранты, застаецца пад вартай. Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.