Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заняла 70 месца ў рэйтынгу пашпартоў. На першым — Японія


Пазнака аб візе ў пашпарце, ілюстратыўнае фота
Пазнака аб візе ў пашпарце, ілюстратыўнае фота

Тры краіны Паўднёва-ўсходняй Азіі і Нямеччына занялі вядучыя месцы ў пераліку прэстыжнасьці нацыянальных пашпартоў. Беларусь за год страціла тры пазыцыі: з нацыянальным пашпартам можна вандраваць без папярэдняга афармленьня візы ў 75 краінаў.

Кампанія Henley&Partners апублікавала рэйтынг прэстыжнасьці пашпартоў. Ён базуецца на дадзеных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) і разьмяркоўвае пашпарты ў адпаведнасьці з колькасьцю дзяржаваў, у якія іх уладальнікі могуць прыехаць бязь візы ці без папярэдняй падачы дакумэнтаў на яе.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь заняў 70 месца ў сьпісе, зь ім можна вандраваць у 75 краінаў.

За 16 гадоў, цягам якіх кампанія аналізавала зьвесткі і публікавала рэйтынг, самым высокім месцам пашпарту Беларусі было 63-е, якое ён займаў тры гады запар цягам 2007-2009 гадоў. Найгоршай сытуацыя была ў 2015-м, калі дакумэнт быў 78-м. За апошні год беларускі пашпарт страціў тры пазыцыі.

Усе суседзі Беларусі месьцяцца ў рэйтынгу пашпартоў значна вышэй: Літва і Польшча на 11-м радку (181 краіна), Латвія 12-я (180), Украіна 41-я (130), Расея 50-я (116).

Разам зь Беларусьсю 70-ы радок дзеляць Казахстан і Кітай. А вось блізкія да Кітая тэрытарыяльна Японія, Сынгапур і Паўднёвая Карэя займаюць уяўны п’едэстал у рэйтынгу. Грамадзяне Японіі могуць лётаць бязь візы амаль па ўсім сьвеце — у 191 краіну. 190 дзяржаваў даступныя сынгапурцам. Карэйцам 189, як і грамадзянам Нямеччыны.

Да параўнаньня, грамадзянам Паўночнай Карэі няма неабходнасьці афармляць візу ў 39 дзяржаваў, яе нацыянальны дакумэнт займае толькі 103-ю пазыцыю сярод 110 магчымых. Найгоршая ў сьвеце сытуацыя з пашпартамі — у Сырыі, Іраку і Аўганістане: 29, 28 і 26 бязьвізавых накірункаў адпаведна.

У рэйтынгу Global Passport Power Rank, складзеным у кастрычніку 2020 году, Беларусь заняла толькі 99-е месца. Аднак той сьпіс ня ўлічвае дзяржавы, у якіх віза ставіцца па прыбыцьці на яе мяжу, ён бярэ пад увагу толькі міжнародныя пагадненьні аб бязьвізавым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG