Алег Малашчанка ў пачатку новага года атрымаў позву зьявіцца ў суд 14 студзеня. Пра дакумэнт расказала жонка, якая засталася ў кватэры. Самога ж Алега яшчэ 30 сьнежня дэпартавалі ў Расею, пашпарт якой ён мае, хоць з 2004 году жыве ў Баранавічах. Дзяржаўныя органы зрабілі гэта, не чакаючы рашэньня суду па справе, піша мясцовы сайт «Інтэкс-прэс».
1 сьнежня Малашчанка падаў апэляцыйную скаргу на рашэньне аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС ў Берасьцейскі абласны суд, але да сваёй дэпартацыі адказу не атрымаў. Таксама загадзя ён напісаў у Баранавіцкі ГАУС ліст аб тым, што ён ня можа выканаць патрабаваньні аддзелу па грамадзянстве і міграцыі, пакуль ня прыйдзе адказ на апэляцыю.
У вызначэньні Баранавіцкага суду сказана, што справа аб высылцы прыпыненая, пра гэта распавяла Тацяна Малашчанка, жонка Алега. Яна ўпэўнена, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС «адмыслова выслаў мужа з краіны да таго, як мы атрымалі дакумэнт з суду».
Сям’я Малашчанкаў удзельнічала ў шэрагу нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцьця беларускамоўнай клясы ў горадзе. Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў улады палічылі Алега Малашчанку адным з завадатараў страйку на 558-м авіярамонтным заводзе.