Тэлеканал Настоящее Время вёў жывую трансьляцыю з Вашынгтона.
Сэнат вымушаны быў перапыніць працу, і члены Кангрэсу пакінулі свае кабінэты.
Віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс, які назіраў за сумесным пасяджэньнем Кангрэсу, быў перавезены з будынку ў бясьпечнае месца.
Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ.
«У нашай палітыцы няма месца гвалту, незалежна ад таго, на чыім вы баку», — напісала ў сваім Твітэры Рона Макдэніел, старшыня Нацыянальнага камітэту рэспубліканцаў.
На фота з будынку бачныя праваахоўнікі зь пісталетамі і некаторыя дэпутаты, якія хаваюцца пад крэсламі. Паліцыя са зброяй у руках загадвае мітынгоўцам пакінуць будынак. Жанчына зь ліку пратэстоўцаў атрымала агнястрэльную рану. Пазьней NBC са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах паведаміла, што яна памерла. Паступае інфармацыя і пра пацярпелых сілавікоў. Затрымалі каля 20 чалавек.
Па-за межамі Капітолія пратэстоўцы выкрыкваюць лёзунгі ў падтрымку Трампа, разьбіраюць агароджу будынка.
Раней у цэнтры Вашынгтону, побач зь Белым домам, прайшоў мітынг прыхільнікаў Трампа. У ім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Яны лічаць, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў павінны быць перагледжаныя. Калегія выбарцаў пацьвердзіла перамогу дэмакрата Джо Байдэна.
Затым прыхільнікі Трампа накіраваліся да будынку Капітолія, адбыліся сутыкненьні з паліцыяй.
Трамп па-ранейшаму адмаўляецца прызнаць паразу. Ён заявіў сваім прыхільнікам: «Мы ніколі не адступім!»
Мэр Вашынгтону абвясьціла ад 18:00 камэнданцкую гадзіну на тле пратэстаў у падтрымку Трампа. Абраны прэзыдэнт Джозэф Байдэн заявіў, што ўварваньне прыхільнікаў Трампа ў будынак Капітолія было «замахам на вяршэнства закону», і зьвярнуўся да Дональда Трампа, каб той запатрабаваў спыніць асаду Капітолія.
Трамп выступіў са зваротам да сваіх прыхільнікаў, заклікаў іх дапамагаць паліцыі і не парушаць закон. Пратэстоўцы паступова пачалі разыходзіцца, іх вывелі з будынку Капітолія.