Аляксандар Лухвіч больш ня будзе ўзначальваць вядучы жаночы футбольны клюб Беларусі — «Мінск». Кантракт зь ім не падоўжылі, а на ягоную пасаду прызначылі падпісанта праўладнага ліста Ўладзімера Шындзікава, паведаміў у сваім тэлеграм-канале пра жаночы футбол спартовы журналіст Дзьмітры Сіняк.
Лухвіч, які ў час кар’еры гульца выступаў у цэнтры абароны зборнай Беларусі і праславіўся матчамі за расейскае «Тарпэда» з Масквы, быў трэнэрам спачатку ў мужчынскіх камандах, а ў канцы 2017 году ачоліў жаночы клюб «Мінск». З таго часу ён двойчы прывёў клюб да чэмпіёнскага тытулу ў Беларусі і выводзіў каманду на матчы Лігі чэмпіёнаў.
Увосень Лухвіч — дарэчы, выпускнік Акадэміі МУС, — падпісаў ліст спартовай грамадзкасьці за спыненьне гвалту, расьсьледаваньне катаваньняў мірных пратэстоўцаў і прызначэньне новых выбараў прэзыдэнта.
«Мінск» пакінуў ня толькі трэнэр, з каманды сышлі ўсе футбалісткі, старэйшыя за 19 гадоў. Іх заменяць гульцамі дзявочай зборнай Беларусі, большасьць зь якіх займалася якраз у футбольнай школе «Мінску».