Кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2021 году, каб абмеркаваць падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету.
«Я прыеду ў Беларусь пасьля Калядаў. Гэта будзе пасьля 7 студзеня. Візыт заплянаваны, і ён адбудзецца, я на 100% у гэтым упэўнены. Я сустрэнуся з Аляксандрам Лукашэнкам, і мы абмяркуем сытуацыю, якая складаецца, будзем рабіць усё магчымае, каб чэмпіянат сьвету адбыўся ў Менску. Для гэтага прыкладзем усе намаганьні», — сказаў Фазэль расейскаму інфармацыйнаму агенцтву РИА «Новости».
Раней швайцарскае выданьне Watson паведаміла, што Міжнародная фэдэрацыя хакею ўжо прыняла рашэньне аб пераносе матчаў турніру зь Менску і цяпер актыўна шукае замену сталіцы Беларусі.
Рэнэ Фазэль пракамэнтаваў гэтае паведамленьне, сказаўшы, што «рашэньня яшчэ няма».