Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Брагіна пакаралі на два гады ў калёніі за абразу Лукашэнкі


Брагін. Ілюстрацыйнае фота.
Брагін. Ілюстрацыйнае фота.

Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Леаніад Судаленка, суд праходзіў у закрытым рэжыме.

29 сьнежня суд Брагінскага раёну пакараў калёніяй на два гады 25-гадовага Аляксандра Кулагу. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу).

Аляксандра Кулагу не ўзялі пад варту ў залі суду. Ён пакуль, да набыцьця прысудам законнай сілы, знаходзіцца на свабодзе, на асабістых паруках.

Аляксандар працуе вальшчыкам лесу, раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся.

16 жніўня яго затрымалі мясцовыя міліцыянты. Малады чалавек быў нападпітку. Калі яго прывезьлі ў шпіталь, ён пачаў нэгатыўна выказвацца пра Лукашэнку. Гэта міліцыянты зафіксавалі на асабістыя рэгістратары. Пазьней Аляксандар тлумачыў, што выказаўся на эмоцыях.

Экспэртыза не пералічвала, што менавіта казаў абвінавачаны, але зазначыла, што гэта былі «грубыя, нецэнзурныя словы».

«Мы, праваабаронцы, лічым такое пакараньне — пазбаўленьне волі за абразу, выказваньне думкі — неадэкватным і суровым. Прадстаўнікі ўлады вылучаныя ў асобную катэгорыю людзей. Калі абразяць „звычайнага“ чалавека, то ён мусіць ісьці ў суд і дзейнічаць у межах грамадзянскай судовай вытворчасьці. Парог крытыкі чыноўнікаў больш высокі — да крымінальнай адказнасьці. Мы лічым, што дастаткова захадаў за абразу, прапісаных у агульным заканадаўстве», — пракамэнтаваў Судаленка.

16 сьнежня 1 год калёніі за абразу Лукашэнкі атрымаў жыхар Гомля, інвалід другой групы праз анкалёгію Аляксей Раманаў. Яго судзілі ў Хойніках. Цяпер Аляксей у шпіталі гомельскага СІЗА-3. 28 сьнежня ён падаў праз адваката апэляцыйную скаргу, бо лічыць свой прысуд занадта суровым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG